Лябедзька: уладам трэба сказаць дзякуй за мясцовыя выбары

28.04.2010 11:32
Архив Редакция

Сустаршыня Аб'яднаных дэмакратычных сіл Анатоль Лябедзька на прэс-канферэнцыі ў Мінску 27 красавіка заявіў, што ўладам трэба сказаць "дзякуй за тое, што такімі мясцовымі выбарамі яны стварылі сур'ёзныя ўмовы для перамоў паміж апазіцыяй". Па словах апазіцыйнага палітыка, Аб'яднаная грамадзянская партыя зрабіла правільны выбар, афіцыйна адмовіўшыся ад удзелу ў мясцовай кампаніі.

«З’езд партыі прыняў палітычна правільнае рашэнне, адмовіўшыся ад выбараў у мясцовыя саветы. Мясцовыя выбары безальтэрнатыўныя — сітуацыя амаль савецкая, выбары без палітычнай канкурэнцыі, выбары, дзе не лічаць галасы, выбары без усялякай перспектывы», — падкрэсліў старшыня АГП.

Па словах Анатоля Лябедзькі, неўдзел апазіцыі ў падобнага роды кампаніях з’яўляецца «слабым месцам улады». «АДС павінны выставіць  палітычны ўльтыматум: мы павінны запатрабаваць  вярнуцца да разгляду законапраекта аб ўнясенні зменаў у Выбарчы кодэкс, выпрацаваным нашымі экспертамі. Мы павінны патрабаваць гарантаванага ўключэння прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчыя камісіі і ўзаконіць механізм кантролю за падлікам галасоў», — заявіў апазіцыйны палітык, перадае сайт АГП.

«Калі ўлады адмаўляюцца, мы павінны ўзяць на сябе маральна-палітычнае абавязанне: удзельнічаць ва ўсіх этапах прэзідэнцкай кампаніі, але на фінішы зняць нашага кандыдата. І хай Лукашэнка разам з  Гайдукевічам (старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Гайдукевіч, які стварае блок «Новая Беларусь — Адзінства» — Тэлеграф) як хочуць, так і дзеляць 80% галасоў. Далей так нельга ні жыць, ні працаваць», — лічыць Анатоль Лябедзька.

Лябедзька: не было нават падабенства на выбары

Па словах старшыні АГП, час адмовіцца «ад усялякіх  пасланняў міжнароднай грамадскасці і  зрабіць канкрэтнае пасланне: крэдыты  ў абмен на свабодныя выбары». «Будуць свабодныя выбары — будуць свабодныя СМІ, будзе канкурэнцыя, будзе ўсё астатняе», — адзначыў апазіцыйны палітык.

Нягледзячы на тое, што  «нават падабенства на выбары падчас  мясцовай кампаніі не было», Анатоль Лябедзька падзякаваў беларускім  ўладам.

«Я задаволены гэтай кампаніяй… Гэтыя выбары прадэманстравалі паразу  той часткі апазіцыі, якая лічыла: калі падлізацца да ўлады — нашых кандыдатаў пусцяць у дэпутаты», — заявіў сустаршыня АДС, дадаўшы, што такімі выбарамі ўлада стварыла ўмовы для сур’ёзных перамоў паміж апазіцыяй. «З’явілася надзея, што ў нас атрымаецца больш скансалідаваць апазіцыю», — падсумаваў Анатоль Лябедзька.

Как вам новость?