Лябедзька: усё самае брыдкае і агіднае ўлада ўжо зрабіла

07.04.2010 16:43
Архив Редакция

Па меркаванні лідара АГП Анатоля Лябедзькі, "адэкватнай рэакцыі, з боку міжнароднай супольнасці на брутальныя дзеянні беларускіх улад, якія тычацца выбараў, мы так і не зафіксавалі". "Усё самае гідкае і агіднае ўлада ўжо зрабіла. І сёння няма сэнсу ў частковым, фрагментарным назіранні", — адзначыў палітык, каментуючы заяву ЦВК пра жаданне дыпламатаў з 16 краін назіраць за ходам мясцовай выбарчай кампаніі.

«Мне гэта нагадвае назіранне за пацыентам, які ўжо знаходзіцца ў коме. Глядзець ужо позна, трэба рэагаваць. І лепш было гэта зрабіць учора. Калі ўлады дэманстратыўна адмовіліся ўключаць прадстаўнікоў дэмакратычных сіл ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, калі ўлады выціскалі з кампаніі найболей канкурэнтаздольных кандыдатаў ад апазіцыі», — падкрэсліў Анатоль Лябедзька.

Апазіцыйны палітык упэўнены, што цяперашняе назіранне ніколі не будзе люстраным і ўсёабдымным, і можа прывесці да высноў не адпаведным рэчаіснасці, паведамляе сайт АДС.

«Што можна ўбачыць у рэшту часу? Працу міністэрства гандлю па арганізацыі продажу кексаў і піва на выбарчых участках, ці міністэрства культуры па правядзенні аглядаў мастацкай самадзейнасці, у перыяд так званых «выбараў», — задаўся пытаннем кіраўнік АГП.

Па меркаванні Анатоля Лябедзькі, ніякае пасольства тэхнічна, арганізацыйна не ў стане забяспечыць паўнавартаснае назіранне. «Калі б беларускія ўлады былі зацікаўленыя ў бесстаронняй адзнацы выбарчай кампаніі, дык яны б загадзя запрасілі экспертаў БДІПЧ у Беларусь. Як гэта зрабіў урад Грузіі», — падкрэсліў палітык.

Как вам новость?
Головоломки