Лябедзька: ужо сёння з Расіяй магла быць мяжа

06.07.2010 15:27
Архив Редакция

Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька назваў даволі прадказальнай сітуацыю з ратыфікацыяй Беларуссю Мытнага кодэксу Мытнага саюза ў апошні момант. "Беларускі бок загналі ў кут, і, калі б ён не пайшоў на ратыфікацыю, то ўжо заўтра паміж Беларуссю і Расіяй магла паўстаць мяжа. З усімі, так бы мовіць, наступствамі", — падкрэсліў палітык пятага ліпеня.

На думку Анатоля Лябедзькі, таму і была абраная іншая тактыка, «бо дэ-юрэ Мытны кодэкс ратыфікаваны, але дэ-факта — не прыняты». «Я думаю, што гэта такі доўгі працэс, калі будуць ісці спрэчкі па кожнай літары. Маўляў, мы не так зразумелі, не так ўспрымаем, будзем выконваць тады, калі вы зробіце гэта і гэта… Я не выключаю, што будзе менавіта такі гандаль», — прыводзіць словы апазіцыйнага палітыка Радыё «Рацыя».

Лідар АГП не лічыць, што працэс з Мытным саюзам завершаны, наадварот, па яго словах, гэта толькі канец пачатку. «Так тут яшчэ, напэўна, падліў алею ў агонь і фільм, паказаны чацвертага ліпеня па расійскаму тэлеканале НТВ. Так што будзе дастаткова яшчэ і эмацыйных выступаў і заяваў. Далёка яшчэ да рэалізацыі практычных рашэнняў», — упэўнены ён.

Адказваючы на пытанне, чаму і беларускі, і расійскі бокі дапускаюць у апошні час такія рэзкія публічныя выпады на адрас адно аднаго, палітык адказаў, што ў плане іміджу для Крамля сітуацыя становіцца вельмі непрыемнай. «Мабыць, Уладзімір Пуцін і Дзмітры Мядзведзеў дасягнулі нейкае мяжы і вырашылі выкарыстаць сітуацыю напярэдадні прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Цяпер Крэмль пачынае выкарыстоўваць той самы інструмент, які раней эфектыўна выкарыстоўвала беларуская ўлада», — заявіў Анатоль Лябедзька.

Как вам новость?
Головоломки