Лябедзька: візіты еўрачыноўнікаў збіваюць выбаршчыкаў з панталыку

05.11.2010 10:31
Архив Редакция

Частыя візіты ў Беларусь еўрачыноўнікаў збіваюць з панталыку выбаршчыкаў, заявіў кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. «У такіх візітаў няма выразна артыкуляванага паслання — гэта дэзарыентуе грамадства. Яно не разумее, чаму яшчэ год-два таму Лукашэнка быў дыктатарам, а цяпер з ім абдымаюцца і ціснуць яму руку, хоць якасна сітуацыя не змянілася», — лічыць ён.

«Звычайным людзям гэта незразумела і іх гэта блытае. Калі б хто-небудзь з еўрачыноўнікаў сказаў, што, маўляў, гэта наша першая паездка, але мы прыедзем яшчэ 19 снежня, каб не дапусціць сілавога сцэнару, то гэта быў бы магутны пасыл грамадству», — заявіў кіраўнік АГП, перадае «Ежедневник».

Акрамя таго, на думку Анатоля Лябедзькі, у Бруселю няма выразнай адзінай пазіцыі адносна Беларусі. «Я не ўбачыў, што ў Бруселя ёсць нейкі выразны план таго, што рабіць з Беларуссю. Па некаторых дадзеных, міністры замежных спраў Польшчы і Германіі Радаслаў Сікорскі і Гідо Вэстэрвеле не прывезлі з сабой ўзгодненай пазіцыі. Ёсць інфармацыя, што ў іх не было мандата агучваць пазіцыю ЕС. Вядома, Германія — гэта краіна, якая валодае асаблівай значнасцю ў ЕС, але завершанага плану няма. Што датычыцца візіту прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайце, то я да канца не зразумеў, з чым была звязаная яе паездка. Тое, што яна рабіла, павінен быў рабіць міністр замежных спраў. Гэта больш падобна на PR», — адзначыў палітык.

У той жа час, паводле яго слоў, ёсць і станоўчыя моманты. «Еўропа хоча выкарыстаць гэтую выбарчую кампанію і прымусіць уладу пайсці на нейкія перамены. Лукашэнку даюць зразумець, што размовамі пра эканоміку справа не абмяжуецца. Нягледзячы на тое што яму не хочацца абмяркоўваць цану свабод, гэтае пытанне ўсё яшчэ прысутнічае», — падкрэсліў лідар АГП.

Палітык таксама адзначыў, што апазіцыі цяпер трэба працаваць каардынацыяй сваіх дзеянняў: распрацаваць план дзеянняў, арганізаваць назіранне, кантроль, плошча, узгадніць планы выступу на тэлебачанні. На яго думку, у дадзенай прэзідэнцкай кампаніі шанец апазіцыі перамагчы, высокі як ніколі.

«Пераменам, як ні дзіўна, дапамагае эканамічны крызіс. Дапамагаюць канфлікт з Расіяй. Гэта два фактары, якіх не было ў папярэднія гады. Калі б гэтага не было, то можна было б сказаць, што апазіцыя слабая. Цяпер падзеі вырашаюцца ў Мінску і залежаць толькі ад беларусаў», — адзначыў Анатоль Лябедзька.

Как вам новость?