Лябедзька: з рэгістрацыяй Раманчука могуць узнікнуць праблемы

30.09.2010 17:06
Архив Редакция

Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што ў прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта ад АГП Яраслава Раманчука могуць узнікнуць праблемы з рэгістрацыяй у якасці кандыдата. "Няма праблемы ў зборы 100 тыс. подпісаў, ёсць праблема рэгістрацыі Яраслава Раманчука. Па ім будзе прымацца не прававое, а палітычнае рашэнне", — дадаў Анатоль Лябедзька.

Разам з тым, кіраўнік ініцыятыўнай групы Анатоль Паўлаў заявіў, што група плануе сабраць усяго 120 тыс. подпісаў у падтрымку Яраслава Раманчука. «Ні больш, ні менш. Як толькі гэта адбудзецца, мы спынім працэс збору і пераарыентуем нашых людзей на выкананне іншых задачаў», — паведаміў Анатоль Паўлаў. Аднак, кіраўнік групы падкрэсліў, што ўсе подпісы, сабраныя ініцыятыўнай групай, будуць «якаснымі».

Закранаючы колькасны склад групы, Анатоль Паўлаў адзначыў, што АГП першапачаткова зрабіла стаўку на якасць, перадае сайт АГП. Усяго ў ініцыятыўную групу Яраслава Раманчука ўвайшло 1465 чалавек.

«Можна было прыняць рашэнне Палітрады АГП і падаць у ЦВК спіс 3,6 тыс. членаў партыі. Аднак мы пайшлі па якасна іншым шляху. Практычна кожны член ініцыятыўнай групы напісаў пісьмовую заяву. Гэта падкрэслівае, што ў нас, на адрозненне ад іншых прэтэндэнтаў, выпадковых людзей няма», — падкрэсліў Анатоль Паўлаў.

АДС падтрымаюць кампанію «За справядлівыя выбары»

Разам з тым, што прэзідыум Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сіл выказаўся за падтрымку кампаніі «За справядлівыя выбары». Як паведаміў сустаршыня АДС Анатоль Лябедзька, гэта будзе спрыяць каардынацыі сумеснай дзейнасці апазіцыі падчас прэзідэнцкай кампаніі.

Цягам тыдня суб’екты АДС плануюць вылучыць свае прапановы і заўвагі па плане кампаніі «За справядлівыя выбары 2010».

Як раней перадаваў Тэлеграф, прадстаўнікі беларускай апазіцыі абвясцілі аб пачатку маштабнай кампаніі «За справядлівыя выбары», мэтай якой стане недапушчэнне парушэння заканадаўства падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. У кампаніі плануюць прыняць удзел 14 апазіцыйных палітычных партый і арганізацый. Каардынатарамі кампаніі, хутчэй за ўсё, стануць намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Віктар Карняенка і лідар партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін.

Как вам новость?