Лябедзька заклікаў беспартыйных вылучацца ў выбаркамы

11.10.2010 10:28
Архив Редакция

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заклікаў беспартыйных грамадзян актыўна вылучацца ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Пра гэта ён заявіў 9 кастрычніка падчас пікету ў падтрымку рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты намесніка кіраўніка АГП Яраслава Раманчука, які праходзіў у Берасці.

На думку Анатоля Лябедзькі, вельмі важна, каб ва ўчастковых камісіях былі як партыйныя, так і беспартыйныя грамадзяне. Ён нагадаў, што ў на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года ва ўчастковыя выбаркамы патрапіў толькі адзін прадстаўнік апазіцыйных партый, перадае БелаПАН.

Анатоль Лябедзька адзначыў таксама, што неабходна аб’яднаць намаганні апазіцыі для вылучэння людзей ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. «Яно павінна быць як мага больш масавым, акцэнтаваным, каб мы маглі сказаць людзям, як прайшоў падлік галасоў», — заявіў палітык. Ён таксама падкрэсліў, што варта правесці падрыхтоўку назіральнікаў, каб яны «не проста прысутнічалі, а актыўна ўмешваліся, ўплывалі на працэсы, паказвалі на выяўленыя парушэнні і фіксавалі іх».

Кіраўнік АГП таксама заклікаў людзей прыйсці ў дзень рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты да будынку ЦВК, каб паўплываць на ўладу. «Ва ўлады будзе вялікая спакуса зарэгістраваць некага для галачкі, але не рэгістраваць моцных апанентаў Лукашэнкі», — адзначыў ён.

У той жа час, Анатоль Лябедзька лічыць, што «рэальныя кансультацыі (аб выбары адзінага кандыдата — Тэлеграф) можна пачынаць пасля рэгістрацыі кандыдатаў і тады абмяркоўваць іх, выкладваючы і параўноўваючы плюсы кожнага з іх».

Как вам новость?
Головоломки