Лябедзьку адпусцілі з СІЗА КДБ

07.04.2011 11:13
Архив Редакция

Старшыню Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, які з 20 снежня 2010 года знаходзіўся ў следчым ізалятары КДБ і якога абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску, увечары красавіка 6 адпусцілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе. Пра гэта паведаміў начальнік Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Аляксандр Антановіч.

Радзіна патэлефанавала бацькам: прашу палітычнага прытулку за мяжой

Рэдактарка сайту «Хартыя 97» Наталля Радзіна 6 красавіка патэлефанавала бацькам і паведаміла, што знаходзіцца ў лагеры для бежанцаў адной з еўрапейскіх дзяржаў. «Наташа абяцала патэлефанаваць праз некалькі дзён і сказаць дакладна, дзе знаходзіцца. Пакуль, яна сказала, вырашаюцца апошнія фармальнасці з прадстаўленнем ёй палітычнага прытулку», — заявіла маці журналісткі Надзея Радзіна.

У сераду, 6 красавіка, дома ў бацькоў рэдактаркі «Хартыя 97» у Кобрыне адбыўся ператрус. Яго праводзілі супрацоўнікі мясцовага аддзялення КДБ, а таксама следчы са сталіцы. Яны канфіскавалі штодзённікі журналісткі, лісты салідарнасці, якія яна атрымлівала з розных краін, уключаючы лісты экс-кіраўніка Чэхіі Вацлава Гавэла і міністра замежных спраў Славакіі Мікулаша Дзурынды. Акрамя таго, падчас ператрусу быў канфіскаваны кампутар непаўналетняга пляменніка Наталлі Радзінай.

Затым супрацоўнікі КДБ паехалі на працу да бацькі журналісткі — па іх словах, яны збіраліся правесці яшчэ адзін допыт. З моманту выезду Наталлі Радзінай з Беларусі, якая пакінула краіну тыдзень таму, на допыты ў КДБ выклікалі яе бацькоў, брата і цётку.

«Голас у Наташы быў бадзёры, яна прасіла нас трымацца. Калі мы перажылі разам турму, то перажывем і гэтыя незаконныя і бессаромныя нападкі на нашу сям’ю. Бач ты, знайшлі злачынца — журналістку! Я вельмі шчаслівая, што пачула яе голас, мне стала значна спакайней», — цытуе Надзею Радзіну «Хартыя 97».

Як ужо перадаваў Тэлеграф, 1 красавіка стала вядома аб тым, што фігурантка «справы 19 снежня» Наталля Радзіна, якая знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, пакінула тэрыторыю Беларусі. Яе затрымалі ў ноч з 19 на 20 снежня ў офісе «Хартыі 97» і змясьцілі ў СІЗА КДБ, адкуль 28 студзеня вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Ёй прад’явілі абвінавачанні ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, што можа пацягнуць за сабой пакаранне ад трох да 15 гадоў пазбаўлення волі.

«Свабодны тэатр» не прасіў ЗША аб палітычным прытулку

Кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін абверг інфармацыю аб тым, што артысты трупы прасілі ЗША прадаставіць палітычны прытулак у гэтай краіне. Некаторыя выданні пісалі, што «ў сувязі з працэдурамі па афармленні палітычнага прытулку артысты павінны знаходзіцца на тэрыторыі ЗША», таксама паведамлялася, што ў Варшаве адмененыя спектаклі «Свабоднага тэатра», якія павінны былі прайсці на сцэне Польскага тэатра.

«У сувязі з нейкімі «працэдурамі» мы, мабыць, павінны знаходзіцца ў ЗША, але па дзіўным збегу акалічнасцяў, чатыры чалавекі знаходзяцца зараз у Англіі, двое — у Амерыцы, астатнія — у Мінску, дзе адыгралі некалькі дзён таму спектакль «New York’79». Але ў Амерыцы мы ўсё ж такі апынемся праз некаторы час, паколькі ў нас пачынаюцца месячныя гастролі ў Нью-Ёрку, дзе будзе згуляна 39 спектакляў на сцэне тэатра LaMama», — піша ў сваім блогу Мікалай Халезін. Аднак ён не ўдакладніў, ці сапраўды адменены спектаклі ў Варщаве.

Таксама кіраўнік «Свабоднага тэатра» паведаміў, што на розных форумах сустрэў каментары за сваім подпісам. «Вось ужо дзіва дзіўнае — аніколі не каментаваў на форумах. (…) А тут яшчэ выявіў некалькі каментаў за маім подпісам у «Жывым дзённіку» — усе дадзеныя мае, за выключэннем IP-адраса. Прыйшлося тэрмінова памяняць паролі», — адзначыў Мікалай Халезін.

Па матэрыялах БелаПАН

Как вам новость?