Ляўковіч лічыць з'езд БСДП нелегітымным

12.10.2010 10:55
Архив Редакция

Былы старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч заявіў, што лічыць з'езд партыі, які прайшоў 10 кастрычніка ў Мінску і на якім быў абраны новы старшыня, нелегітымным. У сувязі з гэтым Анатоль Ляўковіч па-ранейшаму лічыць сябе кіраўніком БСДП.

Анатоль Ляўковіч прывёў некалькі прычын, па якіх з’езд партыі можна прызнаць нелегітымным. «Па-першае, з’езд выбраў старшынём партыі беспартыйнага чалавека, паколькі яшчэ 30 жніўня Сідарэвіч Анатоль Міхайлавіч на партыйным сайце размясціў заяву аб выхадзе з партыі», — заявіў Анатоль Ляўковіч.

«Па-другое, згодна з законам аб палітычных партыях і партыйным статутам, мы маем права абіраць на з’езд прадстаўнікоў як зарэгістраваных структур, так і дэлегатаў ад членаў партыі, якія на сходах вылучаюць сваіх дэлегатаў. На гэты раз са з’езду выпалі цэлыя вобласці: Магілёўская і Гомельская — ад гэтых абласцей не было ні воднага дэлегата. Рашэнне аб вылучэнні дэлегатаў ад гэтых абласцей прынята прэзідыўмам партыі», — дадаў былы старшыня БСДП.

Акрамя таго, па словах Анатоля Ляўковіча, на з’ездзе партыі 10 кастрычніка прысутнічала 49 дэлегатаў ад зарэгістраваных структур і 48 членаў Цэнтральнага камітэту і Цэнтральнай рэвізійнай камісіі, у той час як па статуце партыі ад зарэгістраваных структур павінна было быць прадстаўлена 76 дэлегатаў, перадае «Беларускі партызан».

Ляўковіч: партыя павінна паказаць прыклад дэмакратычных выбараў

«Паколькі мы выступаем за дэмакратычныя транспарэнтныя выбары, мы павінны самі паказаць прыклад дэмакратычных выбараў, а не праводзіць кулуарныя сходкі», — падкрэсліў Анатоль Ляўковіч.

У сувязі з гэтым былы старшыня БСДП выступіў з прапановай правесці партыйныя сходы ва ўсіх рэгіёнах і структурах, абмеркаваць платформу, а затым правесці дэмакратычны з’езд.

«Я, магчыма, і балатавацца не буду, але мне важна, каб з’езд прайшоў дэмакратычна. Я думаю, члены партыі, асабліва з тых рэгіёнаў, якія выпалі, падтрымаюць мяне», — заявіў Анатоль Ляўковіч.

«Не ўсё так дрэнна: і мы, сацыял-дэмакраты, вучымся дэмакратыі. Партыя — не цацка, а Сідарэвіч — не малец, а ўжо год як пенсіянер. Гэта дзіця ад нараджэння цягне цацку ў рот», — дадаў былы старшыня БСДП.

Сідарэвіч не пярэчыць супраць стварэння новай фракцыі БСДП

Зрэшты, па словах новага старшыні Анатоля Сідарэвіча, ён не будзе выступаць супраць таго, каб Анатоль Ляўковіч ствараў ў партыі сваю фракцыю.

«Да гэтай высновы мяне прыводзяць назіранні за паводзінамі дэлегатаў з’езду. Дэмарш таварыша Ляўковіча выклікаў… Ну, трэба было прысутнічаць у зале і бачыць, і чуць, як рэагавалі на гэта прысутныя на з’ездзе таварышы», — цытуе палітыка «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Як раней перадаваў Тэлеграф, 10 кастрычніка на з’ездзе Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) старшынём абралі Анатоля Сідарэвіча. За яго прагаласавала 35 удзельнікаў з’езду партыя, які прайшоў ў Мінску, супраць — 33.

Как вам новость?