Ляўковіч: партыі не займаюць тое месца, якое яны павінны займаць

11.03.2010 15:52
Архив Редакция

Чалец прэзідыума АДС Анатоль Ляўковіч пракаментаваў заяву прэс-сакратара Цэнтравыбаркаму Беларусі Мікалая Лазавіка пра тое, што галоўнай праблемай палітычных партый у краіне з'яўляецца іх слабая структураванасць. ”Гэта аб'ектыўная рэальнасць, што ў Беларусі партыі слабыя, малалікія, і яны не займаюць тое месца, якое яны павінны займаць у любым грамадстве”, — сказаў палітык.

“Але я так і не зразумеў, ці казаў Мікалай Лазавік пра слабасць партый з гонарам ці з іроніяй, — каментуе Анатоль Ляўковіч. — Можа ён лічыць слабасць і малалікасць партый дасягненнем дзяржаўнай сістэмы? У такім разе прэс-сакратар ЦВК мяне ў чымсьці расчараваў“.

Па словах палітыка, Мікалай Лазавік з’яўляецца чалавекам, які знаходзіцца на дзяржаўнай службе, і павінен “рупіцца за тое, каб у Беларусі развівалася не толькі эканоміка, але і палітычная сістэма“. “Мы ведаем тры асноўныя сістэмы палітычнай сістэмы — улада, партыі і грамадскія арганізацыі. Так, партыі ў краіне слабыя. Але давайце задамося пытаннем: ці патрэбныя беларускай дзяржаве партыі, як звычайныя палітычныя суб’екты? І чаму партыі такія слабыя?“, — цытуе Euramost.org словы Анатоля Ляўковіча.

“Я ў свой час даваў інтэрв’ю газеце Адміністрацыі прэзідэнта і адкрыта заяўляў, што партыі краіне патрэбныя, — падкрэсліў чалец прэзідыума АДС. — Яны павінны заняць годнае месца, і гэта ёсць цывілізаваны шлях, які апрабаваны стагоддзямі. Апазіцыйныя партыі павінны адзначаць не толькі поспехі ўлады, але і недахопы – гэта звычайны працэс“.

“Але ў нас атрымліваецца, што ўдзел у апазіцыйных партыях, мякка будзе сказана, не заахвочваецца“, — распавёў Анатоль Ляўковіч. Па словах палітыка, у людзей з’яўляецца пачуццё страху, боязь страціць працу. “Ёсць людзі, хто бярэ ўдзел практычна ва ўсіх выбарчых кампаніях, але нават і ў іх у апошні час адпадае ўсякае жаданне балатавацца і браць удзел у любых выбарах. Таму што вынік вядомы загадзя“, — лічыць Анатоль Ляўковіч.

“І ўсе гэтыя праблемы менавіта і закрануў Мікалай Лазавік у сваім выказванні. Але я жадаў бы адзначыць, што гэтыя праблемы тычаццы не толькі партый, але і ўлады. Таму што грамадства – гэта складанаарганізаваная сістэма, у якой усё ўзаемазлучана. Павінны быць не толькі ўказы і загады зверху, але павінна быць пачута і ініцыятыва знізу“, — рэзюмаваў Анатоль Ляўковіч.
 

Как вам новость?