Лявон Вольскі прэзентуе альбом на вершы беларускіх класікаў

03.03.2010 17:55
Архив Редакция

23 сакавіка Лявон Вольскі прэзентуе ў тэатры імя Янкі Купалы сольны альбом "Белая яблыня грому" на вершы беларускіх класікаў. Мэта праекту – вярнуць творчасць вядомых паэтаў у сучасны культурны кантэкст.

На дыску будзе 12 песень, напісаных на вершы розных класікаў XIX-XX стагоддзяў: ад Яна Чачота, Адама Міцкевіча, Францішка Багушэвіча праз Максіма Багдановіча, Янку Купалу, Якуба Коласа да Максіма Танка, Пімена Панчанкі і Рыгора Барадуліна.

«Ідэя альбому нарадзілася гадоў сем таму, – распавядае Лявон Вольскі. – Неяк амаль выпадкова мне патрапіў у рукі зборнік вершаў Багушэвіча. Я пачытаў і зразумеў – гэта ж сапраўдны гангста-рэп! І вось тады быў зроблены першы дэма-запіс песні на яго верш «Немец». Але потым неяк усё часу не было зрабіць гэты праект».

Час знайшоўся ў 2009 годзе, калі «N.R.M.» і «Крамбамбуля» разыйшліся на творчыя вакацыі. У межах альбому «Белая яблыня грому» вершы патрапілі ў рознабаковы музычны кантэкст – ад року і блюзу да рэпу і хэві-мэталу. Лявон Вольскі спадзяецца, што гэты праект дапаможа сучаснай публіцы наноў адкрыць для сябе творы ўсім вядомых паэтаў.

«Нажаль, школьная адукацыя часцей за ўсё адбівае цікавасць да літаратуры і паэзіі. Нават у мяне так было, нягледзячы на тое, што я паходжу з сям’і пісьменнікаў і з дзяцінства літаратура мне падабалася, – прызнаецца ён. – А насамрэч класічная беларуская паэзія дагэтуль актуальная, таленавітая, якасная і анічым не горшая за ангельскую, французскую ці рускую».

23 сакавіка ў тэатры імя Я.Купалы Лявон Вольскі з прэзентацыяй альбому «Белая яблыня грому». Пачатак – 19.00. Квіткі: ад 10 да 80 тыс. Даведка і замова квіткоў: Velcom 655 55 96, МТС 655 55 96, гарадскі 280 15 10, а таксама праз сайт www.soundline.by.
 

Как вам новость?
Головоломки