Колькасць падазраваных па "справе 19 снежня" расце

17.03.2011 09:40
Архив Редакция

У аўторак, 15 сакавіка, на працоўным месцы супрацоўнікі сілавых ведамстваў Беларусі затрымалі 28-гадовага мінчука Дзмітрыя Дароніна. Яго падазраюць па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу РБ (масавыя беспарадкі). Затрыманага на трое сутак змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання па вуліцы Акрэсціна.

У кватэры Дзмітрыя Дароніна сілавікі правялі ператрус, канфіскаваўшы сістэмны блок камп’ютара, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Як раней паведамляў Тэлеграф, агульная колькасць абвінавачаных па справе аб масавых беспарадках складала 42 чалавекі, яшчэ 12 лічыліся падазраванымі. Між тым, 12 сакавіка ўступілі ў сілу прысуды двум удзельнікам акцыі пратэсту апазіцыі 19 снежня 2010 года ў Мінску. Так, Дзмітры Новік, асуджаны на 3,5 года, будзе адбываць пакаранне ў выпраўленчай калоніі Віцьба-3, Аляксандр Малчанаў, прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі, — у калоніі Бабруйску.

Між тым, Аляксандр Атрошчанкаў і Васіль Парфянкоў, асуджаныя на 4 гады, у цяперашні час чакаюць разгляду касацыйных скаргаў.

Суд над Дашкевічам перанеслі на 22 сакавіка

Таксама стала вядома, што разгляд у судзе Маскоўскага раёна Мінску крымінальнай справы лідараў зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады фронт» Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава перанеслі на аўторак, 22 сакавіка. Суд пачнецца ў 14:00.

Таксама 22 сакавіка ў 10:00 у судзе Партызанскага раёна пачнецца суд над фігурантам справы аб масавых беспарадках Мікітам Ліхавідам.

Раней Тэлеграф паведамляў, што судовы працэс па справе Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава пачнецца 21 сакавіка. Моладзевым актывістам прад’яўленыя абвінавачанні ў злосным хуліганстве (частка 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Ім пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Суддзёй прызначаная Алена Шылько.