Лінднэр: цікава, як будуць адрознівацца ацэнкі выбараў АБСЕ і СНД

03.11.2010 15:15
Архив Редакция

Нямецкі палітолаг, старшыня Мінскага форуму Райнэр Лінднэр 2 лістапада ў Мінску заявіў, што многае ў адносінах Нямеччыны і Еўрасаюза з Беларуссю будзе залежаць ад вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Берлінскі прафесар дадаў, што яму цікава, як будуць адрознівацца ацэнкі вынікаў выбараў наглядальных місій АБСЕ і СНД.

Райнэр Лінднэр паведаміў, што ў Бруселя ёсць жаданне развіваць адносіны з Беларуссю. «Я ведаю, што ёсць шмат праектаў, якія цяпер ляжаць на стале, і рэалізацыя якіх будзе абмяркоўвацца ўжо пасля выбараў», — сказаў нямецкі палітолаг, перадае БелаПАН.

Пры гэтым прафесар пажадаў, каб спрашчэнне візавага рэжыму для грамадзян Беларусі не ставілася ў прамую залежнасць ад вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. «Спрашчэнне візавага рэжыму трэба праводзіць у інтарэсах простых грамадзян. Выбаршчык не мае прамога ўплыву на тое, як праводзяцца выбары», — сказаў Райнэр Лінднэр.

Лінднэр: свабоды СМІ ў Беларусі няма

Нямецкі палітолаг падкрэсліў, што ў параўнанні з 1997 годам, калі быў праведзены першы Мінскі форум, у Беларусі фундаментальна змяніўся склад СМІ, але свабоды прэсы, на думку Райнера Лінднера, па-ранейшаму няма.

У цяперашняга форуму ёсць некалькі асаблівасцяў і новых акцэнтаў, адзначыў прафесар. «Першае: Беларусь знаходзіцца напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, і ёсць добрая магчымасць абмеркаваць напружаныя пытанні палітычнага, эканамічнага, грамадскага характару ў тым ліку з прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта. Другое: мне здаецца, Беларусь знаходзіцца ў сітуацыі эканамічнай пераарыентацыі, няпростых адносін з Расіяй, што таксама неабходна абмеркаваць. І, вядома, важным фактарам з’яўляюцца ўзаемаадносіны Беларусі з Еўрапейскім саюзам — мы хацелі б пачуць ад беларускіх прадстаўнікоў, як яны ацэньваюць гэтыя адносіны, ці ёсць тут прагрэс, якія вынікі «Усходняга партнёрства», — дадаў старшыня Мінскага форуму.

Доктар Лінднэр таксама паведаміў, што на форуме выступіць кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Германіі федэральны міністр па асобых даручэннях Рональд Пафала.

Як паведамлялася раней, у Мінску 3-5 лістапада пры падтрымцы Амбасады Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь пройдзе 13-ы Мінскі форум «Беларусь і ЕС пасля крызісу: выклікі і шанцы ў сферах палітыкі, эканомікі і грамадства».

Как вам новость?
Головоломки