07.04.2011 17:17
Архив

Вялікабрытанія і 13 іншых краін-членаў АБСЕ 6 красавіка ў Вене прапанавалі Беларусі супрацоўнічаць з місіяй міжнародных экспертаў з мэтай збору фактаў для расследавання дзеянняў, звязаных з падаўленнем дэманстрацый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года і наступнымі падзеямі, паведамілі ў амбасадзе Вялікабрытаніі ў Мінску.

«Гэтая просьба была выказана ў адпаведнасці з пагадненнем АБСЕ, вядомым як «Маскоўскі механізм». Гэты механізм быў узгоднены ўсімі дзяржавамі-членамі АБСЕ, уключаючы Беларусь, у якасці сродку для садзейнічання захаванню і павазе правоў чалавека, асноўных свабод, дэмакратыі і вяршэнства закона шляхам дыялогу і супрацоўніцтва», — паведаміў брытанскі міністр па справах Еўропы Дэвід Лідынгтан.

«На думку 14 зацікаўленых дзяржаў, правядзенне выбараў і прымяненне ўрадам Беларусі жорсткіх мер у дачыненні да кандыдатаў ад апазіцыі, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і журналістаў; масавыя арышты і асуджэнні дэманстрантаў і журналістаў пасля выбараў, паведамленні аб катаваннях, пераследах прымусе і запалохванні, уяўляюць сабой сур’ёзную пагрозу для выканання Беларуссю абавязацельстваў АБСЕ. Яны выкладзены ў гістарычным Хельсінкскім заключным акце ад 1975 года і наступных дакументах АБСЕ, з якімі пагадзіліся ўсе краіны-члены АБСЕ і якія ўключаюць у сябе шырокія абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, асноўных свабод, дэмакратыі і вяршэнства закона. Злучанае каралеўства, яшчэ раз, заклікае беларускія ўлады пакласці канец ганебным падзеям, звязаным з выбарамі 19 снежня, што працягваюцца па гэты дзень. Мы настойліва заклікаем урад Беларусі неадкладна спыніць кампанію рэпрэсіяў супраць апазіцыйных кандыдатаў, удзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі, журналістаў, юрыстаў, студэнтаў і многіх іншых», — заявіў брытанскі міністр.

«У Астане на саміце АБСЕ ў снежні 2010 года, усе дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ, у тым ліку Беларусь, пацвердзілі, што яны падсправаздачныя сваім грамадзянам і нясуць адказнасць адна перад адной за поўнае выкананне ўсіх абавязацельстваў у рамках АБСЕ. Усе дзяржавы пацвердзілі, што мы разглядаем абавязацельствы перад АБСЕ як наша агульнае дасягненне і таму лічым іх пытаннямі, якія ўяўляюць непасрэдны і законны інтарэс для ўсіх дзяржаў-членаў», — адзначыў Дэвід Лідынгтан.

Паводле яго слоў, расследаванне і справаздача, прадугледжаныя «Маскоўскім механізмам», павінны дапамагчы Беларусі выканаць свае абавязацельствы. «Мы заклікаем Беларусь супрацоўнічаць з гэтай ініцыятывай, мэтай якой з’яўляецца карысць Беларусі і яе народу», — адзначыў міністр.

Як паведамляў Тэлеграф, Беларусь абвінавачвае «асобныя краіны Захаду» ў спробах уцягнуць Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе у  «палітыку сілавога ціску на Беларусь» з выкарыстаннем «любых сродкаў». Пра гэта заявіў на брыфінгу ў Мінску 7 красавіка начальнік упраўлення інфармацыі міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных.

Следите за новостями так, как вам удобно:

Подпишитесь на новостную ленту Telegraf.by в удобном для вас сервисе и ничего не пропускайте!

Дзен Новости Google Новости Telegram Facebook VK.com OK.ru Пульс