27.04.2011 09:06
Архив

Аўтамабіль у Літве - дарагое задавальненне. Парадокс заключаецца ў тым, што саму машыну можна купіць за невялікія грошы, але вось бензін «з'ядае» ўсю зарплату. Вось і атрымліваецца, што беларусы едуць па машыны ў Літву, а літоўцы - па бензін ў Беларусь. Тым не менш, як перадае спецкор Тэлеграфа ў Вільні, у апошні час літоўцы сталі менш ездзіць па паліва ў Беларусь.

Гарунайскі рынак размясціўся на ўскраіне Вільні. Пастаянны шум, ходзяць туды-сюды людзі, вялікая колькасць машын з’яўляюцца неад’емнымі прыкметамі гэтага месца. Тут можна набыць абсалютна ўсё, пачынаючы ад мыла і заканчваючы аўтамабілем. Побач з аўтамабільным рынкам знаходзіцца доўгі шэраг, дзе прадаюць шыны. Менавіта тут яшчэ ў мінулым годзе можна было без праблем набыць адносна недарагое паліва.

Усе прадаўцы ветліва ўсміхаюцца, бачачы пакупнікоў, але пачуўшы пытанне «А дзе можна купіць бензін?», усмешка маментальна знікае з іх твараў. Яны насцярожана цікавяцца, адкуль я. Некаторыя нават просяць паказаць машыну, каб пераканацца, што я сапраўды на колах. Але бензін так ніхто і не прадае. «Няма бензіну», «Не прадаю», «А з чаго вы ўзялі, што ў нас ёсць бензін?» — І ўсе адказы ў гэтым духу. Як аказалася, яны проста баяцца, што нядзіўна. На рынку вядзецца відэаназіранне, перыядычна праходзяць праверкі, і калі раптам хтосьці будзе заўважаны за нелегальным продажам бензіну, то могуць канфіскаваць увесь тавар.

Сівы мужчына ў бруднай рабочай вопратцы, такі ж гандляр шынамі, быў адзіным, хто прызнаўся, што возіць бензін з Беларусі. Ён гаварыў на чыстай рускай мове без аніякага акцэнту, як высветлілася пазней, ён расіец, але ўжо больш за 20 гадоў жыве ў Вільні. Ён назваўся «Серым», але сапраўднага імя не сказаў.

— Многія возяць бензін, але ніхто не хоча казаць пра гэта нават не таму, што баяцца, а таму што сорамна. Людзі займаюцца гэтым не ад добрага жыцця, а таму, што няма іншага выйсця. Гэта брудная справа, каб зразумець чаму, трэба паспрабаваць самому.

Часта па бензін у Беларусь літоўцы ездзіць ужо не могуць

«Серы» дастаў беларускія цыгарэты Winston і падкурыў. Пры гэтым ветліва прапанаваў купіць яму кубачак кавы наўзамен на інтэрв’ю. Перавозка бензіну — гэта складаная і няўдзячная праца. Трэба ведаць, як і на чым яго трэба перавозіць.

— Каб вазіць бензін, трэба купіць правільную машыну, напрыклад старэнькі Volkswagen Passat B3. Яна зручная тым, што добры механік можа раздуць бензабак, за кошт чаго яго аб’ём павялічыцца на 15-20 літраў. Ставіць дадатковы бак — гэта не варыянт, адразу будзе зразумела, што нешта тут нячыста. Некаторыя мяняюць бакі на вялікія па аб’ёме, але з гэтым таксама могуць узнікнуць цяжкасці на мяжы.

Тыя, хто перасякаў калі-небудзь мяжу, абавязкова натыкаліся на шыльду, дзе напісана, што дача хабару памежніку караецца законам і прадугледжвае завядзеня крымінальнай справы за спробу скампраметаваць службовую асобу.

— Праблем на мяжы, вядома, шмат. Тут як пашанцуе з памежнікам: адзін можа нават не зазірнуць у машыну, а іншы пераверне ўсё дагары дном. Звычайна даеш ім 10 літаў, і ўсё праходзіць спакойна, але часам трапляюцца занадта прынцыповыя. Раней жа я ездзіў кожны дзень, а цяпер не пускаюць, дазваляюць перасякаць мяжу толькі праз дзень. Вось і атрымліваецца з’ездзіць два-тры разы за тыдзень. Некаторыя цяпер нават баяцца ездзіць з поўным бакам, запраўляюць толькі палову. Многія ж закупляюцца яшчэ і цыгарэтамі, і калі зробяць поўны дагляд аўтамабіля і знойдуць нешта лішняе, то адправяць на штраф-стаянку.

Прадаюць літоўцы бензін толькі правераным людзям

Мяжа — гэта заўсёды праблемнае месца, асабліва цяпер, калі стаяць вялізныя чэргі машын з транзітнымі нумарамі. Літоўцам даводзіцца стаяць суткамі, каб проста заправіцца на нашым баку. Некаторыя ставяць тэлевізары ў машыны, каб нясумна было.

— Бывае, што купляем чаргу, каб не стаяць гадзінамі. Можна ці кіроўцу заплаціць, каб пусціў перад ім стаць, ці «зрабіць заказ» на чаргу. Гэтым займаюцца тыя, хто жыве каля мяжы. Яны з раніцы становяцца ў чаргу, і, калі набліжаюцца да паста, тэлефануюць, каб заказчык прыязджаў на мяжу.

На сённяшні дзень, калі перавесці кошты на беларускія рублі, атрымліваецца, што 95-ы бензін у Вільні каштуе 5,5-5,7 тыс. рублёў (4,4-4,5 літаў) у залежнасці ад запраўкі. У Беларусі ён жа каштуе 3750 рублёў (3 літы) за літр. Розніца даволі прыстойная, а значыць і заробак павінен быць нядрэнны.

— Вядома, кепска, што ў вас паднялі кошты, але ўсё роўна з Літвой не параўнаць. Тут я 95-ы прадаю за 3,8-4 літы. У сярэднім за раз атрымліваецца зарабіць каля 80-100 літаў
Часцей за ўсё таннае паліва купляюць таксісты-прыватнікі, кіроўцы маршрутак, якія возяць да Каўнаса, а вось простым кіроўцам бензін знайсці складана.

— Я звычайна прадаю знаёмым або правераным людзям, якія нікому не раскажуць лішняга. Яшчэ беларусам прадаю, якія машыны ў нас тут купляюць. Яны бяруць нават па 4,2 літы за літр, ім жа ўсё роўна неяк машыну гнаць трэба.

Многія літоўцы-бензавозы перасталі займацца гэтай справай, і цяпер толькі зрэдку наведваюцца ў Беларусь, каб заправіць аўтамабіль для сябе.

Следите за новостями так, как вам удобно:

Подпишитесь на новостную ленту Telegraf.by в удобном для вас сервисе и ничего не пропускайте!

Дзен Новости Google Новости Telegram Facebook VK.com OK.ru Пульс