Літва будзе дамагацца патаннення шэнгенскіх візаў для беларусаў

04.01.2011 08:55
Архив Редакция

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце мае намер звярнуцца да старшыні Еўракамісіі Жазэ Мануэлю Барозу і кіраўніку Еўрапейскага савета Герману ван Ромпею з прапановай аб спрашчэнні працэдуры выдачы і зніжэнні кошту на візы для беларускіх грамадзян. Аб гэтым кіраўніца літоўскай дзяржавы заявіла на сустрэчы з кіраўніком МЗС краіны 3 студзеня.

«Ізаляцыя Беларусі не прынесла жаданых вынікаў. Дзеянні беларускіх уладаў супраць звычайных людзей і журналістаў, якія прысутнічалі на акцыі, гэтак жа як арышты і прымяненне фізічнай сілы, перашкаджаюць развіццю супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі, але не з беларускімі людзьмі», — цытуе Далю Грыбаўскайце БелаПАН

«Гэта канкрэтны крок, які адлюстроўвае стаўленне Літвы і яе прэзідэнта да беларускіх людзей, неабходнасць супрацоўнічаць, адкрыць межы і дазволіць людзям бліжэй пазнаёміцца з тым, што адбываецца ў суседніх краінах», — сказаў прэс-сакратар прэзідэнта Літвы Лінас Бальсіс пасля сустрэчы прэзідэнта з кіраўніком МЗС Аўдронюс Ажубаліс, перадае DELFI.

Як раней паведаміў Тэлеграф, Даля Грыбаўскайце адхіліла крытыку свайго папярэдніка Валдаса Адамкуса, які раскрытыкаваў цяперашняга прэзідэнта Літвы за палітыку ў адносінах да Беларусі. Па словах Далі Грыбаўскайце, катастрофай з’яўляецца тое, што ў дачыненні да Беларусі і яе лідара Аляксандра Лукашэнкі, якога называюць апошнім дыктатарам Еўропы, не праявілі прыязнасці, а замест гэтага на дзесяць гадоў павярнуліся спінай.