Літва: Лукашэнка пакуль не адказаў на запрашэнне Грыбаўскайце

09.03.2010 17:34
Архив Редакция

Амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас паведаміў, што беларускі лідар пакуль не даў афіцыйнага адказу на запрашэнне прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайце прыехаць у Вільнюс на святкаванне незалежнасці краіны 11 сакавіка.Па словах дыпламата, Аляксандр Лукашэнка павінен быў вызначыцца з гэтым пытаннем яшчэ восьмага сакавіка.

Пацверджанне пра свой удзел у святкаванні з нагоды знамянальнай даты далі прэзідэнты Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Фінляндыі і Славеніі. Пра свой удзел таксама паведаміў часовы выканаўца абавязкаў прэзідэнта Малдовы старшыня парламента Міхай Гімпу.

Літва адзначыць 20-годдзе з дня прыняцця акту «Пра аднаўленне Незалежнай Літоўскай дзяржавы» 11 сакавіка 2010 года. 13 ліпеня 2010 года Літва будзе святкаваць 750-годдзе бітвы пры Дурбе, а 15 ліпеня — 600-годдзе Грунвальдскай бітвы.

Багдонас: прапампоўка расійскай нафты праз Беларусь залежыць ад шматлікіх фактараў

Магчымасць аднаўлення прапампоўкі расійскай нафты ў Літву па нафтаправодзе «Дружба», які праходзіць праз тэрыторыю Беларусі, залежыць ад вельмі шматлікіх фактараў. Пра гэта заявіў дзявятага сакавіка надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

“Задзейнічаць дадзены нафтаправод — гэта прывабны праект, у тым ліку для беларускага боку, — распавёў амбасадар Літвы. — Мы знаходзімся ў сталым кантакце і з беларускімі энергетыкамі, і з расійскімі, мы абмяркоўваем гэтыя пытанні на ўсіх магчымых узроўнях“.

Адказваючы на пытанне журналістаў пра тое, ці вядуцца перамовы пра магчымасць продажу часткі акцый Мажайкяйскага НПЗ расійскай кампаніі, Эдмінас Багдонас пацвердзіў гэта. «Аднак на сённяшні дзень я не магу сказаць, якое рашэнне будзе прынята і ці дазволіць яно аднавіць транспартаванне расійскай нафты па нафтаправодзе «Дружба» на Мажайкаяйскі НПЗ», — сказаў дыпламат, перадае БелТА.

Эдмінас Багдонас таксама нагадаў, што пасля продажу гэтага заводу польскаму фундатару прапампоўка нафты па «Дружбе» ў кірунку Літвы спынілася з прычыны «тэхнічнай непаладкі» і з 2006 года сітуацыя не змянілася.

Літва зацікаўлена пашыраць супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы сельскай гаспадаркі

Эдмінас Багдонас паведаміў, што ў наш час з’явіліся новыя магчымасці для пашырэння беларуска-літоўскага супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі з прыцягненнем сродкаў Еўрасаюза. “Беларускія трактары і іншая сельгастэхніка добра вядомыя на літоўскім рынку. Я думаю, што ў нас вельмі шмат магчымасцяў для супрацоўніцтва ў дадзенай сферы“, — падкрэсліў амбасадар Літвы ў Беларусі.

Па словах амбасадара, гэта праекты, якія прадугледжваюць арганізацыю вытворчасці сельгаспрадукцыі на еўрапейскім узроўні з атрыманнем адпаведных сертыфікатаў для яе рэалізацыі на еўрапейскіх рынках. «Падчас непаразумення паміж Беларуссю і Расіяй па пастаўках малочных прадуктаў мы таксама не сядзелі склаўшы рукі, мы шукалі формы ўзаемадзеяння з Беларуссю», — адзначыў Эдмінас Багдонас.

«Кіраўнікі нашых сельскагаспадарчых ведамстваў абмеркавалі праграмы і праекты пераабсталявання беларускіх малочных заводаў, — сказаў дыпламат. — У прыватнасці, прадугледжваецца магчымасць атрымання еўрапейскага сертыфіката, які дазволіць экспартаваць беларускую прадукцыю ў краіны ЕС».

Эдмінас Багдонас таксама адзначыў, што Літва ўжо даўно пераабсталявала сваю сістэму сельгасвытворчасці для працы з еўрапейскім рынкам. «Мы — удзельнікі еўрапейскай сеткі вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі і жадалі б падзяліцца з Беларуссю сваім досведам. Думаю, гэта будзе карысна і вам, і нам», — сказаў літоўскі амбасадар.
 

Как вам новость?
Головоломки