Літва не паведаміла Беларусі аб аварыі на Ігналінскай АЭС

12.11.2010 15:32
Архив

На першым блоку Ігналінскай АЭС, спыненым яшчэ ў 2005 годзе, 5 кастрычніка падчас працаў па яе дэзактывацыі разлілося каля 300 тон высокарадыёактыўнай вадкасці, пры гэтым, па словах відавочцаў, працаўнікі і памяшканні станцыі падвергліся апрамяненню. Аднак Беларусь не праінфармавалі пра інцыдэнт, бо афіцыйна забруджванне не распаўсюдзілася за межы станцыі.

«Пры правядзенні працы па праекце Б12 — дэзактывацыі сістэмы прадзьмуху і расхалоджвання і байпаснай ачысткі ў контуры шматразовай прымусовай цыркуляцыі (КМПЦ) у адным з кампанентаў адбылася разгерметызацыя і ўцечка за межы контуру ўжываных у дэзактывацыі хімічных рэагентаў — аднапрацэнтнай азотнай кіслаты і калія перманганата. Бо для ўкаранення дадзенага праекту прымяняюцца строгія меры бяспекі і працы праводзяцца ў герметычных памяшканнях са спецыяльнымі дрэнажнымі сістэмамі, ніякія хімічныя рэагенты і забруджаныя радыеактыўнымі нуклідамі матэрыялы за межы кантраляванай зоны ІАЭС не распаўсюдзіліся», — паведаміла прэс-сакратарка ІАЭС станцыі Дайва Рымашаўскайце, перадаюць «Беларускія навіны».

Аднак міністэрства прыроды Беларусі засталося не задаволеным гэтай інфармацыяй, хоць Цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя Беларусі не зафіксаваў павышэння фону на беларускай тэрыторыі. «Наша міністэрства як асноўны кантактны орган не атрымала ад кантактнага органа Літвы ніякай інфармацыі пра інцыдэнт на Ігналінскай АЭС», — заявіў начальнік аддзелу дзяржэкспертызы праектаў мінпрыроды Аляксандр Андрэеў.

«Паколькі ІАЭС знаходзіцца на мяжы з Беларуссю, то любы інцыдэнт на гэтым аб’екце закранае нашу тэрыторыю прыкладна на 700 метраў. Літоўскі бок павінен быў нас праінфармаваць», — адзначыў ён.

У той жа час старшыня камісіі Сейму Літвы па ядзернай энергетыцы Рокас Жылінскас заявіў, што ў выніку аварыі не было шкоды людзям або навакольнаму асяроддзю, а міжнародная супольнасць была неадкладна праінфармавана.

СМІ: разліў ліквідавалі ўручную

Аднак журналісты газеты «Литовскій курьеръ», правёўшы ўласнае журналісцкае расследаванне, прыйшлі да высновы, што і паведамленні Дайвы Рымашаўскайце, і Рокаса Жылінскаса «не ва ўсім адпавядаюць рэчаіснасці». Паводле газеты, «густая радыеактыўная маса не сышла ў тэхналагічныя дрынажные адтуліны», а разліў радыёактыўнай вадкасці ліквідавалі працаўнікі станцыі ўручную.

«Няма сумневаў, што праца з «бруднымі» матэрыяламі прывяла да атрымання людзьмі дозаў радыяцыйнага апраменьвання. Аднак яны вымушаныя ісці на рызыку з боязі страціць працу», — адзначылі журналісты, з якімі згодны таксама наведнікі форуму горада Вісагінас, дзе пражываюць працоўныя станцыі, forum.tts.lt і форума сайта DELFI.

Камісія: у аварыі вінаваты падрадчык

Спецыяльна створаная камісія з прадстаўнікоў заказчыка (ІАЭС) і падрадчыка праекта ЗАТ «Specialus Montažas-NTP» усталявала, што «адказнасць за гэты тэхналагічны інцыдэнт нясе падрадчык». «У прапанаванай падрадчыкам тэхналогіі ажыццяўлення праекту былі недахопы, якія і сталі прычынамі гэтага здарэння», — заявіў старшыня камісіі, кіраўнік тэхналагічнай службы ІАЭС Вігантас Галкаўскас.

«Страта герметычнасці КМПЦ пры правядзенні ўнутрыконтурнай дэзактывацыі адбылася з прычыны недахопаў прапанаванай падрадчыкам тэхналогіі дэзактывацыі. Прапанаваная падрадчыкам тэхналогія фактычна не апрабавана на прадпрыемствах ядзернай прамысловасці, што супярэчыць тэхнічнай спецыфікацыі ўкаранянага праекту», — гаворыцца ў высновах камісіі.

Эксперты: аварыя — прыклад небяспекі станцый і пасля іх спынення

На думку незалежных экспертаў, пры ліквідацыі разліву вадкасці ўсё ж маглі апрамяніцца людзі і істотна падвысіўся фон ўнутры памяшканняў. Радыёактыўнае забруджванне магло таксама распаўсюдзіцца і за межы будынка, у якім адбыўся інцыдэнт.

«Варта дапусціць, што выкід праз вентыляцыйную трубу энергаблока мог адбыцца. — Гарачы радыеактыўны раствор аб’ёмам 300 кубаметраў выліваецца з іржавага трубаправода і разліваецца па памяшканнях. У растворы працягваюць ісці хімічныя рэакцыі і рэакцыі распаду радыенуклідаў. Прадукты іх трапляюць у паветра памяшкання энергаблока і праз венттрубу — у атмасферу… Магчыма, выкід ўсё ж быў, але ў межах нормаў (сутачных? Гадавых?), вызначаных для працоўнай АЭС. Па наяўнай у аўтара інфармацыі, 5 кастрычніка ў раёне ІАЭС пераважаў паўднёвы вецер», — адзначыў расійскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі на сайце руху Bellona.

«Той факт, што інфармацыя доўга хавалася і тэрміны інцыдэнту не выразна названыя, яшчэ раз пацвярджае звычайнае для атамнай энергетыкі імкненне схаваць любыя непрыемнасці, што рэгулярна ўзнікаюць на атамных станцыях. Ужо сам па сабе факт, што трыста кубаметраў радыёактыўнай вадкасці выкінута ў памяшканне цэха, пацвярджае экалагічную небяспеку інцыдэнту», — лічыць доктар тэхнічных навук, спецыяліст у галіне ядзернай энергетыкі Георгі Лепін.

«Інцыдэнт на ІАЭС яшчэ раз пацвярджае тое, што атамныя станцыі застаюцца небяспечнымі аб’ектамі і пасля завяршэння іх эксплуатацыі. І яны будуць патрабаваць на працягу многіх гадоў вельмі дарагога абслугоўвання», — сказаў ён. Паводле яго слоў, якая адбылася на ІАЭС ўцечка ў выніку разгерметызацыі сістэмы ў ходзе яе прамывання, кажа аб тым, што ў сістэме ўжо меліся дэфекты. «А гэта значыць, што на Ігналінскай станцыі яшчэ ў ходзе яе эксплуатацыі ўжо меліся рэальныя ўмовы ўзнікнення сур’ёзнай аварыі», — падкрэсліў ён.