Літва не змагла адгаварыць Беларусь ад закрыцця офіса АБСЕ

23.02.2011 10:35
Архив Редакция

Улады Літвы не змаглі ўгаварыць афіцыйны Мінск не зачыняць канчаткова офіс АБСЕ. «Было зроблена ўсё магчымае, але атрымалася тое, што атрымалася. Такая палітычная сітуацыя ў Беларусі. Згодна з практыкай АБСЕ, у краін-удзельніц ёсць права адмовіцца», — заявіў 22 лютага на прэс-канферэнцыі міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс.

Па словах кіраўніка літоўскага МЗС, падчас яго візіту ў ЗША, віцэ-міністр Эвалдас Ігнатавічус ў якасці спецыяльнага прадстаўніка наведаў Мінск, дзе спрабаваў пераканаць свайго беларускага калегу не зачыняць офіс АБСЕ, бо арганізацыя заахвочвае эканамічнае і прававое развіццё, стварэнне грамадзянскай супольнасці. Аднак беларускія ўлады прынялі адваротнае рашэнне, перадае DELFI.

Літва стала для Беларусі варотамі на Захад

Аўдронюс Ажубаліс адзначыў, што, нягледзячы на недружалюбны сігнал з Мінску, Літва ажыццяўляе місію распаўсюду дэмакратыі ў суседняй краіне. «Літва стала для Беларусі рэальнай брамай на Захад, асабліва для грамадзянскай супольнасці. Мы ажывілі фонд, які падтрымлівае і дапамагае тым апазіцыйным дзеячам, у якіх у сувязі з пераследамі ўзніклі праблемы са здароўем, якім патрэбна юрыдычная дапамога або трэба заплаціць штраф. Мы тут працуем на перадавой лініі», — заявіў літоўскі міністр.

Паводле яго слоў, Літва можа ўзяць адказнасць за перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму для грамадзян Беларусі. Кіраўнік літоўскага ўрада падкрэсліў, што пакуль двухбаковыя адносіны паміж краінамі развіваюцца па адным напрамку, але розных лініях: Літва дапамагае грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і вядзе перамовы з беларускімі ўладамі па спрашчэнні памежнага руху. «Спадзяюся, што гэтыя лініі зліюцца», — заявіў Аўдронюс Ажубаліс.

Как вам новость?
Головоломки