Літва ратыфікавала дамову аб памежным руху з Беларуссю

28.06.2011 16:53
Архив

Літоўскі парламент 28 чэрвеня ратыфікаваў Міжурадавае пагадненне аб парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый Беларусі і Літвы. За ратыфікацыю гэтага дакумента ў аўторак прагаласавала 95 членаў Сойму, супраць - ні аднаго, устрымаліся чатыры парламентарыі.

Дакумент быў падпісаны 20 кастрычніка 2010 года ў Мінску. Беларусь ратыфікавала пагадненне ў снежні мінулага года, а прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў загад аб ратыфікацыі 10 студзеня гэтага года.

Гэта пагадненне дасць магчымасць жыхарам прыгранічных тэрыторый абедзвюх краін перасякаць дзяржаўную мяжу гэтых краін са спецыяльнымі дазволамі, якія даюць права на знаходжанне на абмежаванай тэрыторыі суседняй краіны на працягу не больш за 90 дзён за шэсць месяцаў.

Асобы, якія падаюць просьбы аб выдачы дазволу, павінны адпавядаць пэўным патрабаванням. Але, як адзначыў раней міністр замежных спраў Аўдронюс Ажубаліс, гэтае пагадненне не для гандлю, а для наведвання сваякоў, касцёлаў і могілак, нагадвае DELFI.

Па словах Аўдронюса Ажубаліса, плата за выдачу дазволу складзе 20 еўра. Гэтыя дазволы не дадуць права працаваць у суседняй краіне.

У абумоўленую тэрыторыю трапляюць такія гарады і мястэчкі Літвы, як Вільня, Ігналіна, Варэна, Друскенікі, у Беларусі — Горадня, Ліда, Ашмяны.