Літва хоча бачыць Беларусь у НАТО

26.08.2010 15:39
Архив Редакция

Міністр абароны Літвы Раса Юкнявічэне выказала надзею, што Беларусь аднойчы стане членам НАТО. "Мы бачым, што сёння ідзе вельмі моцная інтэграцыя ў сферы абароны паміж Беларуссю і Расіяй. Мы хацелі б, каб Беларусь больш паварочвалася на Захад, да НАТО", — заявіла Раса Юкнявічэне.

«Як палітык і як міністр абароны лічу, што мы павінны працаваць не толькі з апазіцыяй, але і мець сувязі, якія маглі б змяніць сітуацыю ў будучыні. Напрыклад, беларускія вайскоўцы вывучаюць ангельскую мову ў нашай Ваеннай акадэміі. Калі больш вашых ваенных будуць ведаць, што Літва, член НАТО, не з’яўляецца ворагам і што не трэба больш праводзіць такіх маштабных расійска-беларускіх вучэнняў, як «Захад-2009″, накіраваных на Літву і Польшчу, то ад гэтага будзе толькі лепш. Можа, лепш беларуска-літоўскія праграмы наладжваць? У нас мала супрацоўніцтва ў ваеннай галіне, але трэба яго пачынаць», — патлумачыла сваю пазіцыю Раса Юкнявічэне.

Раса Юкнявічэне дадала, што ў кастрычніку ў Вільню прыбудзе з візітам міністр абароны Беларусі Юры Жадобін. Літоўскі палітык спадзяецца, што гэтая сустрэча станецца штуршком да супрацоўніцтва ў галіне абароны, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

«Калі Беларусь стане членам НАТО, членам Еўрасаюзу, калі я ў сваім жыцці дачакаюся гэтага, то я была б радая не менш, чым калі Літва стала незалежнай і стала членам НАТО! У гэтым ёсць наш прагматычны інтарэс: мы не хочам межаў. Але рашэнне Беларусі — не ўступаць ні ў Еўрасаюз, ні ў НАТО. І гэтыя межы паміж нашымі краінамі будуць, пакуль Беларусь не прыме іншага рашэння», — заявіла Раса Юкнявічэне.

Как вам новость?