Літва хоча зрабіць Гарадзенскі аэрапорт міжнародным

21.05.2010 15:36
Архив Редакция

Прэзідэнт Канфедэрацыі прамыслоўцаў Літвы Браніславас Лубіс 21 траўня паведаміў, што Літва хоча зрабіць Гарадзенскі аэрапорт міжнародным. "Горадня мае выдатны аэрапорт, які адпавядае міжнародным нормам. Для Беларусі і Літвы было б выгодным зрабіць аэрапорт міжнародным", — адзначыў літоўскі бізнэсмэн.

У такім разе, па словах Бранісліваса Лубіса, пасажыры, якія прылятаюць і адляцяць з абедзвюх краін, мелі б права «зялёнага калідора». «У гэтым аэрапорце садзіліся б самалёты не толькі з Расіі і СНД, але і еўрапейскія самалёты, якія будуць прылятаць як у Гародню, так і ў Друскінінкай. Калі беларускія і літоўскія ўлады пагодзяцца, мы можам пачаць адпаведную працу», — цытуе БелТА прэзідэнта Канфедэрацыі прамыслоўцаў Літвы.
Браніславас Лубіс лічыць, што ў наш час перспектыўна і стварэнне паміж Беларуссю і Літвой кластараў. «Прычым не абавязкова на базе ўласнасці, але і на базе сыравіны, арганізацыі продажаў, — сказаў  літоўскі бізнэсмэн. — Было б перспектыўным стварэнне беларуска-літоўскага кластара з удзелам прадпрыемства «Гроднаазот» і аналагічнага літоўскага прадпрыемства. Я думаю, што прыбытковасць гэтага аб’яднання ўзрасла б».
Браніславас Лубіс таксама выказаў надзею, што ў найбліжэйшай будучыні вырашыцца пытанне стварэння прымежнай зоны вольнага руху і знаходжання беларускіх і літоўскіх грамадзян у 50 кіламетрах.
Багданас: супрацоўніцтва Беларусі і Літвы ў сферы інвестыцый выходзіць на высокі ўзровень
У сваю чаргу, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багданас заявіў, што абедзве краіны выходзяць на «зусім новы якасны і высокі ўзровень інвестыцыйнага супрацоўніцтва». 
Літоўскі дыпламат нагадаў, што 20 траўня прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў дэлегацыю літоўскіх бізнэсмэнаў, і выказаў надзею, што гэта сустрэча, на якой «эліце літоўскага бізнэсу былі растлумачаны ўсе пытанні супрацоўніцтва, дасць свае вынікі ў самы блізкі час».
У сваю чаргу, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын адзначыў, што летась, нават нягледзячы на сусветны крызіс, прамыя інвестыцыі Літвы ў Беларусь павялічыліся ў 2,1 разы да ўзроўню 2008 года. «Па выніках першага квартала гэтага года стала назірацца тэндэнцыя росту аб’ёмаў таваразвароту паміж Беларуссю і Літвой», — сказаў беларускі дыпламат.
Летась аб’ём літоўскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі перавысіў 32,9 млн. даляраў, у тым ліку прамыя замежныя інвестыцыі перавысілі 28,6 млн. даляраў. У першым квартале 2010 года літоўскіх інвестыцый паступіла на суму больш як шасці мільёнаў даляраў, з іх прамых — больш за 4,5 млн. даляраў.

Как вам новость?