Літва заклікае ЕС спыніць будаўніцтва АЭС у Беларусі і Расіі

22.03.2011 10:48
Архив Редакция

Міністр энергетыкі Літвы Арвідас Сякмокас 21 сакавіка падчас пазачарговага пасяджэння энергетычнай рады Еўрасаюза ў Брусэлі выказаў занепакоенасць з нагоды будаўніцтва АЭС у Беларусі і Калінінградскай вобласці Расіі. Арвідас Сякмокас заклікаў ЕС запатрабаваць ад беларускіх і расійскіх уладаў спыніць праекты будаўніцтва АЭС, "пакуль не з'явіцца ўпэўненасць у іх бяспечнасці".

Арвідас Сякмокас лічыць, што падзеі на японскай АЭС «прымушаюць лічыць бяспеку атамнай энергетыкі адным з галоўных прыярытэтаў». На думку літоўскага міністра, Еўрасаюз павінен пракантраляваць выкананне ўсіх міжнародных стандартаў на АЭС, якія будуюцца ў Беларусі і Расіі, перадае ІА «REGNUM-Беларусь».

Міністр энергетыкі Літвы адзначыў, што ў цяперашні час улады Расіі і Беларусі «парушаюць міжнародныя патрабаванні па атамнай бяспецы», а само будаўніцтва АЭС для гэтых краін з’яўляецца «палітычным праектам».

Арвідас Сякмокас падкрэсліў, што Літва спрабуе атрымаць ад беларускіх і расійскіх уладаў «рэальную, а не імітацыю ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе», якая б адпавядала міжнародным стандартам і канвенцый.

Як раней перадаваў Тэлеграф, 17 сакавіка Сойм Літвы прыняў рэзалюцыю па бяспецы планаваных да будаўніцтва ў Літве і па суседстве з ёй АЭС. У дакуменце літоўскія парламентарыі выказалі глыбокую заклапочанасць будаўніцтвам АЭС у Беларусі, бо зоны яе радыяцыйнага ўздзеяння могуць пакрыць тэрыторыю Літвы, у тым ліку дасягнуць Вільні і паўплываць на басейн ракі Віліі. Літоўскія дэпутаты запатрабавалі ад Беларусі выканання ўсіх палажэнняў канвенцый Эспа, МАГАТЭ і іншых міжнародных прававых актаў, а таксама заклікалі Мінск адказаць па сутнасці на ўсе пытанні адносна АЭС, якія цікавяць Літву, правесці публічныя слуханні ў Літве і двухбаковыя кансультацыі.

Как вам новость?
Головоломки