Лукашэнка: савецкі народ уратаваў ад фашыстаў усё чалавецтва

06.05.2010 16:29
Архив Редакция

Аляксандр Лукашэнка шостага траўня падчас уручэння дзяржаўных узнагарод закрануў тэму 65-гадовага юбілею з Дня Перамогі. "Сёння яшчэ больш ясна ўсведамляецца веліч гістарычнага подзвігу савецкага народа, які выратаваў ад фашысцкага заняволення не толькі сваю радзіму, але і ўсё чалавецтва", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі лічыць важным акружыць увагай і клопатам кожнага прадстаўніка пакалення пераможцаў, якія са зброяй у руках абаранілі родную зямлю ад ворагаў, перадае БелТА. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што, «пазіраючы ў мінулае і аддаючы даніну памяці ўсім загінулым за радзіму, па-асабліваму ўсведамляеш простую праўду: якое гэта вялікае дабро — мір і спакой на роднай зямлі».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што склалася добрая традыцыя напярэдадні важных дзяржаўных святаў уручаць высокія ўзнагароды лепшым людзям краіны, якія дасягнулі важкіх поспехаў у самых розных сферах дзейнасці. «Спадзяюся, што для вас сённяшняя сустрэча будзе ўдвая памятная, бо яна адбылася напярэдадні такой слаўнай гістарычнай даты, як Дзень Перамогі, — сказаў прэзідэнт Беларусі, звяртаючыся да ўзнагароджаных. — Для нашага народа яна мае лёсавызначальнае значэнне».
Узнагароды з рук прэзідэнта краіны шостага траўня атрымала вялікая група ветэранаў. Акрамя таго, у ліку ўзнагароджаных будаўнікі, праектоўшчыкі, кіраўнікі і спецыялісты, якія ўдзельнічалі ва ўзвядзенні культурна-спартовага комплексу «Мінск-Арэна». «Добрасумленная самаадданая праца — гэта галоўны рэсурс Беларусі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?
Головоломки