Лукашэнка: увесь прыбытак ад венесуэльскай нафты павінен застацца ў Беларусі

27.04.2010 15:13
Архив Редакция

Увесь прыбытак ад перапрацоўкі венесуэльскай нафты на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе павінен застацца ў Беларусі, нягледзячы на тое, што больш за 40% акцый заводу належыць расійскім акцыянерам. Пра гэта заявіў 27 красавіка Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да гендырэктара прадпрыемства Анатоля Купрыянава. "Калі хоць адна капейка сыдзе на той бок, наракайце на сябе" — сказаў прэзідэнт.

«Усё да капейкі, грошы і прыбытак павінны быць у Беларусі. Ім (Расіі) не трэба было перапрацоўваць нафту, і прыбытак не быў патрэбны. Калі хтосьці будзе замінаць, кажыце адразу», — цытуе БелТА словы беларускага лідара.

У сваю чаргу, як паведаміў журналістам Анатоль Купрыянаў, Мазырскі НПЗ гатовы перапрацоўваць нафту з Венесуэлы. Па словах гендырэктара заводу, яна высокай якасці, з вялікай насычанасцю светлых нафтапрадуктаў і нізкай насычанасцю серай.

«Мы ўжо перапрацоўвалі нафту з аналагічным складам, таму як толькі гэтая нафта будзе пастаўлена, тэхнічна прадпрыемства адразу ж будзе гатова зліць яе, перапрацаваць на тэхналагічных аб’ектах і перадаць таварную прадукцыю замоўцу — Беларускай нафтавай кампаніі», — падкрэсліў Анатоль Купрыянаў.

Што да чаканай рэнтабельнасці перапрацоўкі нафты, то Анатоль Купрыянаў не даў выразнага адказу. Гендырэктар Мазырскага НПЗ адзначыў толькі, што па выніках перапрацоўкі спробнай партыі венесуэльскай нафты, якія будзе ацэньваць Беларуская нафтавая кампанія, і «будуць вызначаны далейшыя магчымасці па працягу закупак і перапрацоўкі венесуэльскай нафты на нашым прадпрыемстве».

Як ужо раней паведамляў Тэлеграф, нафту з Венесуэлы на Мазырскім НПЗ чакаюць напачатку траўня. Першы танкер з Венесуэлы з нафтай, прызначанай для Беларусі, ужо прыбыў у порт Адэсы. 26 красавіка ў 10:00 пачалася перапампоўка нафты ў рэзервуары. Затым спробная партыя нафты гатунку «Санта-Барбара» (80 тыс. тон) будзе транспартавана па чыгунцы з Адэсы ў Мазыр.

Как вам новость?
Головоломки