Лукашэнка абяцае роўныя ўмовы ўсім кандыдатам у прэзідэнты

28.06.2010 11:09
Архив Редакция

Ва ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты будуць роўныя ўмовы на будучых выбарах. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю тэлеканалу Euronews. «У мяне няма неабходнасці ствараць няроўныя ўмовы. Таму што Вы ведаеце, што вакол гэтых выбараў адбываецца, тым больш у Расіі, не кажучы ўжо пра Еўропу (Еўропа і так будзе "прэсаваць" мяне па поўнай праграме)», — паведаміў кіраўнік дзяржавы.

«Навошта мне яшчэ ствараць дадатковыя прэцэдэнты і дадатковыя нараджаць факты, каб мяне папракалі ў тым, што я нелегітымны, што я там няправільна выбары правёў? Мне гэта абсалютна не трэба. Я ведаю сітуацыю ў рэспубліцы, ведаю рэйтынг кожнага з маіх магчымых супернікаў, якія хочуць быць прэзідэнтам. Хаця я памыліўся… Ці хочуць яны быць прэзідэнтам? Гэта яшчэ пытанне», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

У той жа час кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што не будзе ўдзельнічаць у выбарах, калі ўбачыць, што «падтрымкі няма, і людзям Лукашэнка ўжо надакучыў, і яны не хочуць, у большасці сваёй, каб Лукашэнка працаваў на гэтай пасадзе».

Адначасова з гэтым беларускі прэзідэнт у чарговы раз заявіў, што яго не палохае пэрспэктыва адмовы Масквы ад яго падтрымкі.

Прычыну сваіх перамогаў на папярэдніх выбарах Аляксандар Лукашэнка патлумачыў тым, што свята выконваў імкненні народа, нават, «можа быць, я дзесьці не зусім згодны сёння з пазіцыяй народа, але я рабіў так, як хацеў народ». «Вы ведаеце, можа быць, на думку спецыялістаў трэба было дзесьці і цэны даўно адпусціць на ўсё, што толькі можна, прыватызаваць усё, што ёсць у нас. Але ў нас народ гэтага не прымае. І я акуратна, як эканаміст, акуратна стараўся, не парушаючы эканамічныя законы, дзейнічаць так, як хоча беларускі народ. Таму мяне народ і падтрымліваў ўвесь гэты час», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Как вам новость?