Лукашэнка: ад патрабаванняў вызваліць экс-кандыдатаў будзе толькі горш

30.12.2010 15:42
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што больш не прыме ад Захаду ніякіх ультыматумаў, а ад патрабаванняў вызваліць экс-кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі "будзе толькі горш". "Ніякіх ультыматумаў мы больш не прымем. Калі хтосьці на нас будзе ціснуць і патрабаваць — будзе толькі горш", — сказаў беларускі лідар.

Па словах кіраўніка дзяржавы, лёс затрыманых экс-кандыдатаў вырашыць суд, перадае БелТА.

«Што тычыцца затрыманых, то калі ў рамках следства, крымінальнай справы можна вызваліць гэтых людзей — нам яны там не патрэбныя», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама беларускі лідар лічыць, што негатыўная ацэнка вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі была падрыхтавана загадзя і негатыўна ацаніў дзеянні Захаду ў час прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

«Тое, што яны (назіральнікі ад АБСЕ) прыехалі з загадзя гатовым тэкстам (справаздачай аб выбарах), скажу шчыра — за месяц да выбараў я гэты тэкст чытаў. Выбары яшчэ не адбыліся, а яны ўжо гэты тэкст напісалі. Гэты тэкст яны і агучылі… Трэба было чымсьці прыкрыцца… Але гэта (падзеі на плошчы) было пасля выбараў. А, па-другое, якое гэта мае значэнне да галасавання?», — задаўся пытаннем Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: нікому не патрэбна моцная Беларусь

«Галоўны ўрок — мы ім там (на Захадзе) абсалютна не патрэбныя, — лічыць прэзідэнт. — Нас хочуць бачыць слабымі, а слабы паспяховым не будзе. Паважаюць толькі моцных, слабымі мы ніколі не будзем. Таму з гэтай прычыны ў нас могуць узнікаць пэўныя з імі праблемы (з Захадам)».

Па словах кіраўніка дзяржавы, ні Расіі, ні Захаду паспяховая дзяржава, якая пазіцыянуе сябе як незалежная і суверэнная, не трэба. «Нікому не трэба — ні Расіі, ні Польшчы, ні Нямеччыне, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але гэта трэба нам. Адсюль вось гэтыя асноўныя супярэчнасці… Ну а, падставу і нават прычыну можна знайсці, каб нахіліць нашу краіну».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы сказаў: «Нам спадзявацца і разлічваць трэба толькі на сябе. Любімымі для іх (для Захаду) мы ніколі не будзем. Мы павінны разумець, што мы гаспадары на сваёй зямлі і мы бачым сваю перспектыву».

Как вам новость?