Лукашэнка адмяніў ліцэнзаванне 16 відаў дзейнасці

02.09.2010 16:43
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адмяніў абавязковае ліцэнзаванне 16 відаў дзейнасці, сем з якіх ўключаюць у сябе 59 складнікаў паслуг. Адпаведны ўказ № 450 прэзідэнт падпісаў 1 верасня 2010 года. Падпісанне дадзенага дакумента павінна спрыяць лібералізацыі ўмоваў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці ў краіне.

Акрамя адмены ліцэнзавання некаторых паслуг, новы ўказ прадугледжвае аб’яднанне двух відаў дзейнасці ў адзін па іншых 13 відах дзейнасці, ліцэнзаванне якіх захоўваецца. Гэтая катэгорыя эканамічнай дзейнасці ўключае сябе каля 60 працаў і паслуг.

Як паведамляюць у прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі, гэты ўказ накіраваны на комплекснае рэгуляванне адносінаў у галіне ліцэнзавання і прадугледжвае зацвярджэнне палажэння аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці. Палажэнне складаецца з двух раздзелаў. У першым агаворваюцца агульныя пытанні ліцэнзавання, у другім — асаблівасці ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці.

Так, згодна з указам прэзідэнта, з гэтага часу не патрабуецца атрымання ліцэнзіі для аказання тэлематычных паслуг (за выключэннем паслугі тэлефаніі па IP-пратаколе і паслугі IP-тэлебачання).

Вырабляць арыгінальны алкаголь можна будзе без ліцэнзіі

Таксама адмяняецца ліцэнзаванне раздробнага гандлю, акрамя гандлю алкаголем і тытунем. Таксама, згодна з указам, не спатрэбіцца атрыманне ліцэнзіі для вытворчасці арыгінальных алкагольных напояў у культурна-этнаграфічных цэнтрах, нацыянальных парках і запаведніках «у мэтах аднаўлення паўнаты беларускіх нацыянальных традыцыяў».

Акрамя таго з моманту ўступлення ўказа ў сілу не трэба будзе атрымліваць ліцэнзію на выкарыстанні адкідаў 1 — 3 класаў небяспекі, абясшкоджвання адкідаў у працэсе навукова-даследчых або доследна-канструктарскіх прац, а таксама адкідаў, што ўтварыліся ў выніку правядзення такіх прац.

Таксама не спатрэбіцца атрыманне ліцэнзіі на выкананне прац і аказання паслуг з каштоўнымі камянямі, аднесенымі да непрыдатных для вырабу ювелірных вырабаў.

Не патрабуецца атрымання ліцэнзіі для выпуску друкаванай прадукцыі з выкарыстаннем капіравальных апаратаў, прынтараў, плотэраў, лічбавых дуплікатараў (рызографаў).
Атрымліваць ліцэнзію цяпер не трэба будзе і для выканання міжнародных аўтамабільных перавозак грузаў з дапамогай транспартнага сродку, дазволеная максімальная вага якога, уключаючы вагу прычэпа (паўпрычэпа), не перавышае 3,5 тоны.

Указ аб адмене ліцэнзавання будзе дзейнічаць з 1 студзеня 2011

Указ прэзідэнта ўступае ў сілу з 1 студзеня 2011 года. Пры гэтым ва ўказе абумоўлена, што юрыдычныя і фізічныя асобы, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права не падаўжаць дзеянні ліцэнзіяў на ажыццяўленне відаў дзейнасці, якія ўключаюць толькі тыя складовыя віды дзейнасці працы і паслугі, ліцэнзаванне якіх адмяняецца, у перыяд з дня афіцыйнага апублікавання ўказу да яго ўступлення ў сілу.

Яны могуць ажыццяўляць дзейнасць на падставе ліцэнзій, выдадзеных да 1 студзеня 2011 года, пры ўмове захавання патрабаванняў, прадугледжаных указам, да заканчэння тэрміну іх дзеяння.
 
Скасаванне патрабаванняў аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці і адпаведных паслуг, аптымізацыя парадку і скарачэнне тэрмінаў здзяйснення ліцэнзійных працэдур, увядзенне комплекснага рэгулявання адносін у сферы ліцэнзавання, прадугледжаныя ўказам прэзідэнта, дазволяць знізіць адміністрацыйную нагрузку на дзейнасць суб’ектаў гаспадарання.

Как вам новость?
Головоломки