Лукашэнка: агенцтва інвестыцый павінна стаць акном для інвестараў

15.11.2010 15:51
Архив Редакция

Мэтай стварэння Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Беларусі павінна стаць спрашчэнне шляху інвестараў у эканоміку краіны. Яно павінна стаць "тым" адным акном", якое дапаможа ім асвойваць беларускі рынак, а нам — нарошчваць эканамічны патэнцыял", — заявіў 15 лістапада прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытанні стварэння і дзейнасці ўстановы.

Кіраўнік дзяржавы з жалем адзначыў наяўнасць вялікай колькасці нараканняў на працу уладаў з інвестарамі як на рэгіянальным, так і рэспубліканскім узроўні. Па яго словах, прадпрымальнікі наракаюць на валакіту і бюракратычныя бар’еры з боку органаў кіравання, перадае БелТА.

«Сапраўды, бізнэсоўцам яшчэ да пачатку рэалізацыі інвестпраектаў трэба атрымаць плойму дазволаў і ўзгадненняў розных міністэрстваў, абласных, гарадскіх, раённых выканкамаў і іншых арганізацый. Часта на гэта сыходзіць не менш за паўтара-два гады», — падкрэсліў прэзідэнт.

У той жа час кіраўнічыя структуры скардзяцца на пасіўнасць і неабавязковасць інвестараў, а таксама на іх завышаныя прэтэнзіі. «Мабыць, ёсць і тое, і другое», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Як распавёў кіраўнік дзяржавы, апошнім часам дзяржава ўнесла шэраг зменаў і дапаўненняў ў заканадаўства для зняцця перашкод на шляху інвестараў, аператыўнага рашэння іх праблемаў, надання сістэмнасці гэтай працы. Паводле яго слоў, ім далі льготныя ўмовы для пачатку дзейнасці і для ўсяго працэсу рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Таксама ў Беларусі стварылі спецыялізаваныя структуры і інстытуты, закліканыя актывізаваць прыток капіталаўкладанняў у краіну.

Лукашэнка не ўпэўнены ў неабходнасці стварэння інстытуту

У той жа час Аляксандр Лукашэнка не ўпэўнены ў неабходнасці стварэння Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, рашэнне аб якім прымалася з улікам рэкамендацый міжнародных фінансавых структураў. «Скажу шчыра: да гэтага часу не перакананы, што мы робім слушна, капіюючы чужы досвед, што яно нам абавязкова дапаможа прасунуць інвестыцыі», — сказаў ён.

Па словах прэзідэнта, яго хвалюе, ці не паўторыць новае агенцтва памылкі свайго папярэдніка, на базе якога яно ствараецца, ці не стане яно яшчэ адной бюракратычнай структурай, якая наадварот ўскладніць шлях інвестараў у беларускую эканоміку.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы сумняецца ў тым, ці зможа агенцтва наладзіць эфектыўнае ўзаемадзеянне з іншымі дзяржорганамі ў цэнтры і ў рэгіёнах, з дырэктарамі прадпрыемстваў, і ці не ляжа яно дадатковым цяжарам на рэспубліканскі бюджэт. «І галоўнае: што дасць краіне гэтая структура ў найбліжэйшы час і ў перспектыве? Ствараючы агенцтва, мы можам зняць адказнасць з міністэрстваў, ведамстваў, кіраўнікоў прадпрыемстваў. Вельмі небяспечна, каб мы рэальную працу з інвестарамі не падмянілі стварэннем нейкай канкрэтнай, можа, нават і важнай структуры», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?
Головоломки