Лукашэнка: Акадэмія навук павінна стаць навукова-вытворчай карпарацыяй

25.02.2011 16:30
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка чакае, што Нацыянальная акадэмія навук Беларусі стане "магутнай навукова-вытворчай карпарацыяй". Пра гэта прэзідэнт краіны заявіў 25 лютага ў ходзе нарады ў Саўміне. "Для вас галоўная задача — забяспечыць маштабную інтэграцыю Нацыянальнай акадэміі навук у эканоміку краіны", — сказаў ён, звяртаючыся да кіраўніка ўстановы Анатоля Русецкага.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што новы кіраўнік НАН — «чалавек, які прайшоў добрую і навуковую, і практычную школу, дасведчаны і аб праблемах айчыннай вытворчасці, і аб праблемах развіцця айчыннай навукі». У той жа час, па словах прэзідэнта, «на практыцы да гэтага часу даводзіцца сутыкацца з нізкай інавацыйнай актыўнасцю і недастатковай успрымальнасцю эканомікі да вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак».

«Для таго, каб рассячы гэты вузел, лічу, прыйшла пара падумаць і аб удасканаленні арганізацыйнай структуры Нацыянальнай акадэміі навук. Надаць ёй рысы магутнай навукова-вытворчай карпарацыі, аптымальна структураванага і самадастатковага навуковага цэнтра, які выконвае ўвесь спектр работ — ад фундаментальных і прыкладных даследаванняў да вопытнай і серыйнай вытворчасці навукаёмістай прадукцыі па ўласных распрацоўках. Карпарацыі, здольнай хуткімі тэмпамі нарошчваць аб’ёмы рэалізацыі навукова-тэхнічнай прадукцыі як унутры краіны, так і на экспарт», — цытуе кіраўніка краіны БелТА.

Акрамя таго, павінен павялічыцца ўплыў і Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналогіях у сістэме кіравання краінай, лічыць ён. «Але пакуль ДКНТ не стаў інавацыйным штабам нашай краіны. Задача камітэту — не толькі збіраць ідэі і праекты, але і максімальна цвёрда кантраляваць іх рэалізацыю на ўсіх узроўнях, эфектыўна спрыяць рашэнню канкрэтных задач інавацыйнага развіцця», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Як раней перадаваў Тэлеграф, новы старшыня прэзідыума Акадэміі навук быў прызначаны Аляксандрам Лукашэнкам 29 снежня 2010 года ў сувязі з тым, што экс-кіраўнік НАН Міхаіл Мясніковіч стаў прэм’ер-міністрам краіны.

Да прызначэння на гэтую пасаду Анатоль Русецкі працаваў дырэктарам дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут цепла-і масаабмену імя А. В. Лыкава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».

Как вам новость?
Головоломки