Лукашэнка і Аліеў дамовіліся аб узаемнай абароне інвестыцый

04.06.2010 08:51
Архив Редакция

Прэзідэнты Беларусі і Азербайджана Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў заключылі пагадненне аб заахвочванні і ўзаемнай абароне інвестыцый. Падпісанне дакументу адбылося трэцяга чэрвеня ў Баку па завяршэнні перамоваў прэзідэнтаў дзвюх краін.

Гаворачы пра гэтыя перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам «сам-насам», Ільхам Аліеў адзначыў, што прэзідэнты «грунтоўна прайшліся па шырокай двухбаковай павестцы, рэгіянальных пытаннях, міжнародных справах». «Па выніках перамоваў плануецца падпісанне многіх дакументаў», — дадаў ён, указаўшы пры гэтым на існуючую дастаткова шырокую юрыдычную базу паміж дзвюма краінамі.

У сумеснай дэкларацыі, таксама падпісанай сёння, лідары дзвюх краін адзначылі, што ўзаемныя інвестыцыі з’яўляюцца адным з важкіх фактараў эканамічнага супрацоўніцтва, і пагадзіліся падтрымліваць, абараняць і развіваць інвестыцыі ў сферы энергетыкі, гандлю, цяжкай прамысловасці, машынабудавання, сельскай гаспадаркі, транспарту, камунікацый, а таксама іншых галінах, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс, паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў былі падпісаны міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне інфарматызацыі і інфармацыйных тэхналогій, навукі і тэхналогій, пагадненне аб супрацоўніцтве паміж міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Беларусі і Дзяржаўным камітэтам па праблемах сям’і, жанчын і дзяцей Азербайджана. Заключаны таксама пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, статыстыкі, аб супрацоўніцтве паміж Камітэтам дзяржаўнага кантролю Беларусі і Падліковай палатай Азербайджана.

Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў таксама лічаць вельмі перспектыўным супрацоўніцтва ў энергетыцы, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, турызме і сферы высокіх тэхналогіях. Лідары дзвюх краін таксама выказалі гатоўнасць развіваць і паглыбляць узаемадзеянне ў галіне транзітных і транспартных камунікацый, ствараць і забяспечваць спрыяльныя ўмовы для ажыццяўлення транспартных аперацый з выкарыстаннем паветраных і водных шляхоў спалучэння, сетак аўтамабільных дарог і чыгунак, трубаправодаў, размешчаных на тэрыторыях Беларусі і Азербайджана.

Прэзідэнты выказалі рашучасць прымаць меры для сур’ёзнага нарошчвання таваразвароту, заахвочваць стварэнне працоўных месцаў, а таксама прымаць магчымыя сумесныя крокі, накіраваныя на забеспячэнне эканамічнага росту, развіццё бізнэс-асяроддзя, глыбокую вытворчую кааперацыю, пашырэнне магчымасцяў выхаду тавараў і паслуг на рынкі Азербайджана, Беларусі і трэціх краін, а таксама падтрымалі арганізацыю бізнэс-форумаў, якія спрыяюць умацаванню кантактаў паміж прадпрымальнікамі дзвюх краін.

Акрамя таго, бакі будуць абменьвацца досведам у сферы еўрапейскай інтэграцыі, ажыццяўлення індывідуальнага плана супрацоўніцтва з Еўрасаюзам і каардынаваць пазіцыі ў рамках рэалізацыі праграмы «Усходняга партнёрства».

Как вам новость?
Головоломки