Лукашэнка: апазіцыя байкатуе выбары праз боязь прайграць

15.04.2010 10:49
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 красавіка, што адмова апазіцыі ад удзелу ў мясцовых выбарах, прызначаных на 25 красавіка, тлумачыцца яе ўпэўненасцю ў сваёй поўнай паразе на іх. Пра гэта кіраўнік дзяржавы сказаў, адказваючы на пытанні журналістаў падчас працоўнай паездкі ў Мазырскі раён Гомельскай вобласці.

Як лічыць беларускі лідар, «яны (прадстаўнікі апазіцыі — Тэлеграф) выдатна разумеюць, што на выбарах іх ніхто не падтрымае», перадае БелТА.

«А хоць неяк хочацца захаваць твар — вось і пачынаюць лапатаць пра тое, што выбары ў нас, нібы, недэмакратычныя, змены ў выбарчае заканадаўства — дэкаратыўныя і да гэтага падобнае», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ці ледзь не ўсе цяперашнія апазіцыйныя лідары Беларусі раней падтрымлівалі яго палітыку. «У мяне, хоць я таксама выйшаў з апазіцыі, ёсць велізарныя адрозненні ад цяперашніх беларускіх апазіцыянераў, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Я ніколі не выступаў супраць сваёй краіны. Я крытыкаваў уладу, змагаўся з недахопамі, мяне білі, тапталі, крышылі, але я заўсёды змагаўся за сваю краіну, за інтарэсы грамадзяніна».

Беларускі лідар упэўнены, што «цяперашняя ж апазіцыя змагаецца выключна за свой дабрабыт». «Ім не важна, каму служыць — Захаду ці Расіі, абы плацілі. Я лічу, што сучасным апазіцыянерам у Беларусі і не асабліва патрэбна ўлада, бо ўлада — гэта адказнасць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Напрыклад, калі я ўвесь час каляшу па краіне — ад Верхнядзвінску да Камарына, дык і ім, калі яны прыйдуць да ўлады, прыйдзецца рабіць тое ж самае, прыйдзецца працаваць, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Бо інакш народ будзе параўноўваць і скажа: дык вы працуеце ў дзесяць разоў горш за свайго папярэдніка».

Таму, упэўнены Аляксандр Лукашэнка, беларускай апазіцыі прасцей «крычаць і шумець, пакуль ім Захад падкідае хоць нейкія грашаняты». «Вось яны і жывуць на гэтыя грошы, і нядрэнна жывуць», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Как вам новость?
Головоломки