Лукашэнка: апазіцыя ўкрала грошы спонсараў на дзяржаўны пераварот

27.01.2011 15:17
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 снежня заявіў, што апазіцыя збіралася здзейсніць 19 снежня дзяржаўны пераварот пад кантролем замежных спецслужбаў. Паводле яго слоў, план быў распісаны загадзя. Грошы, якія паступілі для яго выканання, былі раскрадзеныя, а іх рэшткі выдаткаваныя на пагромы, паведаміў кіраўнік дзяржавы. 

На думку беларускага лідара, спецслужбы іншых краін не прызналіся ў зробленым, але факты іх удзелу ў арганізацыі пагромаў ёсць. Доказам таму служыць асабістая заява прэзідэнта Беларусі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, перадае БелТА.

«І ўсё змаглі пераканацца — апазіцыя рыхтавала дзяржаўны пераварот. Менавіта так — не больш і не менш. Усё планавалася пад шчыльным кантролем некаторых замежных спецслужбаў. Аб некаторых мы таксама сказалі. Няхай яны адкараскваюцца сёння (гэта натуральна), але калі я кажу, значыць, у нас для гэтага ёсць факты. Былі загадзя распісаны бізнэс-планы, нарыхтаваны каштарысы. Частку грошай, што ім далі гаспадары, нашы «свядомыя», як заўсёды, раскралі. Яны пра гэта самі кажуць. А тыя, што засталіся, выдаткавалі на падрыхтоўку пагрому», — паведаміў прэзідэнт.

Дакументы аб падрыхтоўцы перавароту часткова апублікаваныя, прычым толькі тыя, якія не могуць пашкодзіць следству, удакладніў беларускі кіраўнік на пазачарговай сэсіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пры прадстаўленні прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.

У арганізацыі масавых беспарадкаў каля будынку Савета міністраў Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў былых кандыдатаў у прэзідэнты і членаў іх штабоў.

Лукашэнка: 19 снежня ўлада дзейнічала — жорстка і рашуча

Прэзідэнт Беларусі сцвярджае, што дзеянні ўладаў краіны ў дзень прэзідэнцкіх выбараў былі законнымі, адказнымі, жорсткімі і рашучымі. Інакш, мяркуе ён, масавыя дэманстрацыі маглі скончыцца ужываннем зброі, «бо ў гісторыі хуліганствы часта перарасталі ў крывавыя рэвалюцыі і грамадзянскія вайны».

«Сёння некаторыя кажуць, маўляў, там нічога страшнага не адбылося. Ну падумаеш, пабілі шыбы. Пытанне трэба ставіць па-іншаму: а што калі б гэтых грамілаў не спынілі? Калі б ім далі поўную волю і яны, не дай Бог, дарваліся да зброі?» — запытвае прэзідэнт.

Лукашэнка: я жыву з санкцыямі і іх не баюся

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён не баіцца ніякіх санкцый, якія можа ўвесці Еўрасаюз і ЗША. Прэзідэнт назваў знешнепалітычную сітуацыю «пераадоленнем новых цяжкасцяў у фармаванні суверэнітэту Беларусі», і «ніякага тупіка тут няма». «Мы тупа і агалцела ўперліся ў сценку», — сказаў прэзідэнт.

Ён адзначыў, што на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў супраць яго дзейнічаюць візавыя санкцыі, аднак ад гэтага нічога дрэннага не здарылася, таму нейкія новыя абмежаванні не страшныя. Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў Госпада Бога ў сведкі супраць тых, хто ўводзіць такія санкцыі.

«Вы мяне палохаеце санкцыямі — так Гасподзь з вамі. Я ўжо жыву ў гэтым візавым абмежаванні, мусіць, дзясятак гадоў. Жывы, здаровы пакуль. Таму палохаць мяне бесперспектыўна, думаю, і вас таксама (прысутных на сэсіі — заўв. Тэлеграфа). Не трэба нас палохаць. Мы павінны абараніць сваю краіну», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час, праінфармаваў Аляксандр Лукашэнка, Савет міністраў павінен прыняць адэкватныя меры ў адказ на пагрозы іншых краін ўвесці супраць Беларусі якія-небудзь абмежаванні.

Лукашэнка просіць Захад весці дыялог сумленна

Таксама кіраўнік дзяржавы заклікаў краіны Захаду праводзіць дыялог з Беларуссю сумленна і адкрыта — «без ультыматумаў і двайных стандартаў». На яго думку, неабходна імкнуцца да кампрамісу.

Ён лічыць, што ў Захада ёсць добрыя ідэі. «Кажыце, падказвайце, але давайце сумленна. Націснуць на нас, нахіліць нас, павесіць на нас чужую віну, зрабіць нас вінаватымі — з гэтым мы не згодны», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Што тычыцца апошніх падзей у Беларусі, то неабходна прызнаць, як яны развіваліся на самай справе, адзначыў кіраўнік краіны. Ён таксама выказаў меркаванне, што Еўрасаюз і ЗША не непакояцца за арыштаваных у снежні. У адваротным выпадку рэакцыя Захаду была б зусім іншай, лічыць палітык. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Еўропе і Амерыцы баяцца пачуць праўду, а ў Беларусі амаль усё вядома.

Как вам новость?