Лукашэнка: Беларусь — важны фактар бяспекі ў свеце

07.05.2010 09:41
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што "суверэнная еўрапейская Беларусь настойліва і паслядоўна рэалізуе выключна міралюбівую палітыку". Па перакананні кіраўніка дзяржавы, Беларусь "заўсёды была і застаецца важным фактарам бяспекі і стабільнасці на еўрапейскім кантыненце і на сусветнай арэне".

Пра гэта ідзе гаворка ў звароце беларускага лідара на адрас удзельнікаў спецыяльнага ўрачыстага паседжання Генеральнай асамблеі ААН, прысвечанага 65-годдзю Перамогі ў Другой сусветнай вайне, паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі.
«Нельга забываць, што асноўны ўдар фашысцкай агрэсіі быў накіраваны супраць Савецкага Саюза, народам якога было наканавана татальнае знішчэнне. Менавіта Савецкі Саюз адбіў гэты ўдар. Мы па праве ганарымся тым, што Беларусь разам з іншымі народамі Савецкага Саюза зрабіла асноўны ўнёсак у Вялікую Перамогу над фашызмам», — гаворыцца ў звароце Аляксандра Лукашэнкі.
Як запэўніў ААН беларускі лідар, «у майго народа на генетычным узроўні закладзены код разумення таго, што пагрозу жыцця нясе любая канфрантацыя дзяржаў, паколькі яна здольная перарасці ў глабальную катастрофу».
У той жа час кіраўнік беларускай дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што і дагэтуль «не выжытыя шматлікія прычыны, якія правакуюць войны і таму патрабуюць сумесных і рашучых дзеянняў усіх дзяржаў».
«У гэтым трывожным пераліку — імкненне да сусветнага панавання, бедната, штучныя бар’еры ў гандлі, ксенафобія і фанатызм, ігнараванне права любога народа на свой шлях развіцця і навязванне ўсім адной мадэлі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«ААН мае ў нашай асобе надзейнага і актыўнага ўдзельніка барацьбы з незаконным распаўсюдам ядзернай зброі і ядзерных матэрыялаў, наркотыкаў, гандлем людзьмі, незаконнай міграцыяй і спробамі рэвізіі вынікаў Другой сусветнай вайны. Мы, беларусы, і далей будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, па забеспячэнні супрацоўніцтва, міру і стабільнасці», — запэўніў прэзідэнт Беларусі.

Как вам новость?
Головоломки