Лукашэнка: Беларусь аказвае падтрымку бежанцам праз немагчымае

29.07.2010 15:26
Архив Редакция

Беларусь заўсёды будзе ісці ў першых шэрагах краінаў, якія аказваюць падтрымку бежанцам. Пра гэта заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з вярхоўным камісарам ААН па справах бежанцаў Антоніа Гутэрэсам. Па словах кіраўніка дзяржавы, Беларусь дае дапамогу бежанцам "у сілу сваіх магчымасцяў і нават праз немагчымае".

«У вас вельмі ганаровая місія, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Антоніа Гутэрэса. — Вы, напэўна, больш за іншых дапамагаеце людзям, якія апынуліся ў бядзе. Я вельмі рады, што вы маеце магчымасць паглядзець на нашу краіну, пераканацца ў рэальным становішчы спраў тут, а таксама самай праблемнай катэгорыі людзей у нашым свеце».

«На жаль, з цягам часу такіх праблемных людзей, у якіх не складваецца сітуацыя на радзіме, становіцца не менш. Мы гэта адчуваем у нашай краіне. У нас пастаянна тысячы і тысячы людзей — бежанцаў, асобаў без грамадзянства, якія просяць дапамогу ў нашай краіны», — цытуе беларускага лідара БелТА.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь заўсёды будзе супрацоўнічаць з Упраўленнем Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаў (УВКБ ААН), ідучы ў першых шэрагах краінаў, якія аказваюць падтрымку бежанцам.

Гутэрэс: Беларусь праводзіць пазітыўную палітыку ў дачыненні да бежанцаў

У сваю чаргу, Антоніо Гутэрэс адзначыў, што Беларусь праводзіць спрыяльную палітыку ў абароне бежанцаў і прадстаўленні ім прытулку. «У Беларусі жывуць талерантныя людзі, у той час як у свеце нямала праблемаў з ксенафобіяй. Таму ў сучасных умовах талерантнасць вельмі патрэбная», — адзначыў Антоніа Гутэрэс.

Вярхоўны камісар таксама адзначыў, што геаграфічнае становішча Беларусі робіцца прычынай змешаных міграцыйных патокаў. «Праз краіну едзе нямала так званых эканамічных бежанцаў. Але ёсць сярод іх і тыя людзі, якія бягуць ад вайны, альбо гэта жанчыны, якія сталіся ахвярамі гандлю людзьмі. Таму супрацоўніцтва з Беларуссю для УВКБ ААН вельмі важна», — падкрэсліў Антоніа Гутэрэс.

«Мы падтрымліваем ініцыятыву Беларусі ў гэтай сферы на ўзроўні ААН», — адзначыў вярхоўны камісар. Антоніа Гутэрэс таксама дадаў, што УВКБ і МУС Беларусі вырашылі пашыраць сумесную дзейнасць.

МУС Беларусі і ААН заключылі пагадненне аб прававым статусе прадстаўніцтва УВКБ ААН

МУС Беларусі і Арганізацыя Аб’яднаных Нацый заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве і прававым статусе прадстаўніцтва УВКБ ААН па справах бежанцаў у Беларусі і яго персаналу.

З беларускага боку дакумент падпісаў міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў, з боку Арганізацыі Аб’яднаных Нацый — вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў Антоніа Гутэрэс, які 28-29 ліпеня наведвае Беларусь.

У МУС адзначылі, што падпісанне пагаднення будзе спрыяць не толькі паглыбленню практычнага двухбаковага супрацоўніцтва, але і ўмацаванню іміджу Беларусі на міжнароднай арэне.

Как вам новость?