Лукашэнка: Беларусь чакае прынцыпова новая геапалітыка

19.10.2010 15:17
Архив Редакция

Беларусь уступае ў другое дзесяцігоддзе 21-га стагоддзя ў прынцыпова новай геапалітычнай рэальнасці. Пра гэта 19 кастрычніка заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы пасяджэнне Савета бяспекі. Па словах кіраўніка дзяржавы, старая сістэма міжнародных адносін, якая склалася падчас халоднай вайны, сыходзіць у мінулае.

«Адбываюцца ў свеце трансфармацыі беспрэцэдэнтныя па маштабах і дынаміцы. Складаныя працэсы абумоўлены з’яўленнем новых цэнтраў сілы, суперніцтвам за доступ да прыродных рэсурсаў, хуткімі тэмпамі тэхналагічнай эвалюцыі, усё большым значэннем інфармацыйнай сферы і абвастрэннем глабальных праблемаў чалавецтва», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

«Гэта прымушае па-новаму расстаўляць акцэнты, комплексна і прагматычна разглядаць пытанні нацыянальнай бяспекі ва ўсёў іх разнастайнасці і цеснай узаемасувязі», — цытуе беларускага лідара БелТА.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ва ўмовах глабалізацыі пагрозы, якія ўзнікаюць далёка ад межаў Беларусі, становяцца для краіны ўсё больш актуальнымі. Прыкладам можа паслужыць сусветны фінансава-эканамічны крызіс. «Стан існай глабальнай і рэгіянальнай архітэктуры бяспекі, прававых інструментаў яе забеспячэння не выклікаюць аптымізму. Усё больш абгрунтаванымі ўяўляюцца асцярогі аб далейшых перспектывах сусветнай стратэгічнай стабільнасці», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: інфармацыйныя пагрозы страшнейшыя за традыцыйную зброю

Разам з тым прэзідэнт Беларусі адзначыў, што «наступствы сусветнага крызісу агалілі шэраг праблемаў, якія здаваліся раней абстрактнымі і далёкімі». «На сучасным этапе больш нельга кіравацца састарэлымі поглядамі і шаблонамі. Новае гучанне ў апошні час атрымалі экалагічныя, гуманітарныя і інфармацыйныя пагрозы. Сучасныя тэхналогіі ўздзеяння на масавую свядомасць часам аказваюць больш разбуральны эфект, чым ўжыванне традыцыйнай зброі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў апошні час больш востра стаяць праблемы бяспекі ў палітычнай сферы. Па словах прэзідэнта, гэта выяўляецца ў «паўзучай» дэградацыі ўжо існых палітычных сістэм і механізмаў, у выкарыстанні на міжнароднай арэне стратэгіяў, метадаў, прыёмаў, накіраваных на стварэнне розных перашкод устойліваму развіццю іншых краінаў.

Не зніжаецца, па словах кіраўніка дзяржавы, і небяспека, якая сыходзіць ад экстрэмізму і тэрарызму. «На гэтым фоне падыходы да забеспячэння бяспекі Беларусі аб’ектыўна не могуць заставацца нязменнымі. Узрастае значнасць дыягностыкі і маніторынгу разнапланавых праблемаў. Неабходна дакладна вызначыцца з нашымі нацыянальнымі інтарэсамі, з тым, як іх абараняць у новых умовах. Дзейныя ў краіне механізмы ў гэтай сферы маюць патрэбу ва ўдасканаленні. Перш за ўсё, трэба надаць іх працы папераджальны характар», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт растлумачыў, што ўсе гэтыя абставіны сталі вырашальнымі пры прыняцці рашэння аб неабходнасці падрыхтоўкі новай рэдакцыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі, якую будуць абмяркоўваць на цяперашнім пасяджэнні Савета Бяспекі.

Как вам новость?