Лукашэнка: мы гатовыя быць самымі актыўнымі ва «Усходнім партнёрстве»

09.11.2010 09:26
Архив Редакция

Беларусь гатовая стаць самым дзейсным членам праекту «Усходняе партнёрства». Пра гэта 8 лістапада ў інтэрв'ю найбуйнейшым СМІ Нямеччыны заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. «Мы гатовыя быць самымі дзейснымі асобамі ва "Усходнім партнёрстве", калі гэтага хоча Еўрапейскі Саюз. Але я вам яшчэ раз паўтару, што рух пакуль у гэтым утварэнні, гэтым аб'яднанні вельмі слабы», — адзначыў ён.

«Мы чакаем, мы прапанавалі канкрэтны праект. Вельмі выгадны. У тым ліку і для Нямеччыны. Асабліва для поўначы і поўдня Еўропы. Мы гатовыя да таго, каб Еўрапейскі Саюз, уся Еўропа скарысталіся нашымі магчымасцямі ў сваіх інтарэсах. Мы да гэтага гатовыя», — паведаміў прэзідэнт, перадае тэлеканал СТВ.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, няма ніякіх сумневаў у тым, што Беларусь і Еўрасаюз павінны рухацца ў кірунку супрацоўніцтва. Ён адзначыў, што 15 гадоў, якія прайшлі пасля апошняга наведвання Беларусі міністрам замежных спраў Германіі, апынуліся контрпрадуктыўнымі з пункту гледжання спроб «ізаляваць Беларусь і неяк аслабіць нашую дзяржаву і наша грамадства».

«Гэты прыклад красамоўны. Ён сведчыць аб тым, што мы павінны супрацоўнічаць. Мы жывем у гэтым цесным і ўзаемазалежным свеце. Тым больш месца нашага пражывання — гэта адна і тая ж кватэра, або адзін і той жа квартал, імя якому — Еўропа», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Усяго гутарка з нямецкімі журналістамі доўжылася больш за дзве гадзіны. Як стала вядома карэспандэнту Тэлеграфа, у гутарцы з Александрам Лукашэнкам прынялі ўдзел карэспандэнты тэлекампаніі ZDF, газет «Süddeutsche Zeitung», «Frankfurter Allgemeine Zeitung», «Berliner Zeitung», «Die Welt», «Financial Times Deutschland», «Welt am Sonntag» , «Bild», а таксама аўстрыйскай «Die Presse».

У ходзе інтэрв’ю, якое доўжылася дзве гадзіны, журналісты паспелі задаць больш за 20 пытанняў. Іх, у прыватнасці, цікавілі ўзаемаадносіны Беларусі з Расіяй, дыверсіфікацыя паставак у краіну энерганосьбітаў, прэзідэнцкія выбары ў краіне, магчымасць адмены смяротнага пакарання, умовы для працы замежных інвестараў, іх удзелу ў прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў.

Как вам новость?
Головоломки