Лукашэнка абяцае зрабіць усё для "незалежнасці Белай Русі"

26.03.2010 14:01
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 сакавіка падчас уручэння дзяржаўных узнагарод заявіў пра тое, што "ў свеце не засталося такіх месцаў, як Беларусь".  "Натуральна, мы разумеем, што быць Белай Руссю і незалежнасць не так проста даюцца. Але мы павінны зрабіць усё, каб захаваць сваю дзяржаву",  — сказаў беларускі лідар.

«Усе да кагосьці ужо далучыліся, увайшлі ў склад. Усе дзяржавы — малыя,
сярэднія — скачуць пад нечую дудку. Але Беларусь не будзе гэтага
рабіць», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА.

Па словах кіраўніка дзяржавы, гэта «не нейкі выбрык супраць загаду часу». «Проста наш народ заслужыў, каб мець на гэтай планеце свой кавалак зямлі, каб нашы дзеці і ўнукі нас не папракалі за тое, што мы не захавалі і не перадалі ім у спадчыну гэту зямлю — куток, куды яны заўсёды могуць вярнуцца, дзе іх заўсёды будуць чакаць іх сваякі і блізкія», — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсё, што «сёння робіцца ў Беларусі, накіравана на забеспячэнне бяспекі дзяржавы і захаванне яе суверэнітэту». «Тыя крыкі, якія сёння раздаюцца практычна з усіх бакоў, ды і ў нас ёсць аматары паёрнічаць: ім усё адно з кім мы сябруем — з Захадам ці Ўсходам, усё адно дрэнна, адказ на іх будзе простым: мы жадаем захаваць сваю дзяржаву», — сказаў прэзідэнт Беларусі.

«А шчасце сваё мы шукаем там, дзе да нас звычайна ставяцца, прымаюць, паважаюць і годна плацяць за нашу працу. Я думаю, вы разумееце, пра што ідзе гаворка», — дадаў кіраўнік Беларусі падчас уручэння ўзнагарод.

Лукашэнка працягне «нарошчваць энергетычны патэнцыял Беларусі»

Беларускі лідар адзначыў таксама, што значную групу сярод узнагароджаных складаюць працоўныя і спецыялітсы прадпрыемстваў энергетычнага комплексу.

«Гэта не выпадкова — галіне належыць важная роля ў рэалізацыі ўсіх нашых планаў. Таму ў апошнія гады велізарная ўвага надаецца нарошчванню энергетычнага патэнцыялу, мадэрнізацыі дзейсных і будаўніцтву новых электрастанцый, падвышэнню эфектыўнасці выкарыстання энергарэсурсаў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, для беларускага грамадства «важны прыклад людзей, якія ўмеюць не толькі думаць сучасна, творча, але і дамагацца важкага выніку, сваімі канкрэтнымі справамі даваць карысць Айчыне».

Акрамя таго, сярод узнагароджаных нямала прадстаўнікоў Узброеных сіл краіны, а таксама спецыялістаў вытворчых аб’яднанняў і канструктарскіх бюро, якія працуюць на абарону. «Іх прафесіяналізм і ўзорнае выкананне сваіх абавязкаў забяспечваюць бяспеку нашай дзяржавы», — падкрэсліў прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў ліку ўзнагароджаных працаўнікі мастацтва, навукі і адукацыі. «Дзякуй за тое значнае і каштоўнае, што вы ствараеце», — звярнуўся да іх Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым прэзідэнт Беларусі абвясціў падзякі і ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды 47 грамадзянам краіны.

Как вам новость?
Головоломки