Лукашэнка: Беларусь ніколі не круцілася з кан'юнктурных меркаванняў

29.04.2011 08:59
Архив

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым у Ашгабаце 28 красавіка, кажучы аб узаемадзеянні дзвюх краін на міжнароднай арэне, запэўніў, што Беларусь "заўсёды гатова падставіць плячо Туркменістану ў любой сітуацыі"."Беларусь ніколі не круцілася з кан'юнктурных меркаванняў", - падкрэсліў беларускі лідар.

У сваю чаргу Гурбангулы Бердымухамедаў адзначыў, што Беларусь з’яўляецца для Туркменістана «сябрам і важным партнёрам на палітычнай арэне». Кіраўнік Тукменістана адзначыў блізкасць пазіцый дзвюх краін па асноўных пытаннях сумеснай дзейнасці па ўмацаванні міжнароднага міру, бяспекі, процідзеянню выклікам сучаснасці, а таксама звярнуў увагу на шчыльнае супрацоўніцтва ў рамках міжнародных арганізацый, у тым ліку СНД, АБСЕ, ААН.
Як паведамілі ў Адміністрацыі беларускага лідэра, падчас цяперашняга візіту ў Туркменістан Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы са сваім туркменскім калегам у фармаце сам-насам, а таксама ў пашыраным складзе. Асноўную ўвагу на перамовах бакі надалі развіццю двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін, рэалізацыі буйных праектаў у сферы нафтахіміі, горназдабыўной галіны, а таксама па пастаўках беларускай машынабудаўнічай тэхнікі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Туркменістан будуюць адносіны на прынцыпах стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва. Па выніках перагавораў бакі падпісалі шэраг двухбаковых пагадненняў. Так, кіраўнікі дзяржаў падпісалі сумеснае камюніке, у якім выказалі намер шукаць і развіваць новыя формы эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін. Дадзеным дакументам бакі пацвярджаюць ўзаемную зацікаўленасць у далейшым паглыбленні сувязяў у галіне адукацыі, навукі, культуры, мастацтва, турызму, спорту.
У ліку іншых дакументаў, падпісаных беларускай дэлегацыяй, — праграма супрацоўніцтва міністэрстваў замежных спраў дзвюх краін на 2011 — 2012 гады, пагадненне аб супрацоўніцтве міністэрстваў фінансаў, міжурадавае пагадненне аб узаемным прадастаўленні зямельных участкаў для размяшчэння амбасады Беларусі ў Туркменістане і амбасады Туркменістана ў Беларусі.
У пятніцу, 29 красавіка, Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў плануюць працягнуць зносіны.