Лукашэнка: Беларусь пазбавіцца ад расійскай пятлі з дапамогай Кітая

25.06.2010 15:07
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада актывізаваць работу па прыцягненні абяцаных Кітаем 15 млрд. даляраў інвестыцый. Беларускі лідар падкрэсліў, што новыя напрамкі супрацоўніцтва, у тым ліку з Кітаем, — гэта сёння "пытанні выжывальнасці нашай дзяржавы, як суверэннай і незалежнай".

«Вырашым гэтую праблему — не толькі наша пакаленне, але і будучыня будуць жыць нармальна, не вырашым — будзем куляцца, і нас будуць штурхаць у спіну так, як нас штурхаюць да гэтага часу, будуць накідваць пятлю на шыю і зацягваць яе так, што хрыпець пачнем. Потым, можа быць, адпусцяць. А можа быць, і не», — цытуе кіраўніка дзяржавы БелТА.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, менавіта таму ён патрабуе ад чыноўнікаў актывізаваць працу ў гэтым кірунку. Калі ж хтосьці не можа ці не хоча так працаваць, прэзідэнт Беларусі заклікае сказаць аб гэтым наўпрост.

«Вы ўжо мяне прабачце, але такія падазрэнні ў мяне з’яўляюцца ў дачыненні да асобных людзей, у тым ліку тых, што сядзяць за гэтым сталом. Сабатажу я не пацярплю, бяздзейнасці таксама, яна будзе прыраўноўвацца да сабатажу», — папярэдзіў беларускі лідар удзельнікаў нарады ва ўрадзе.

Лукашэнка: кітайскія мільярды дапамогуць нам не стаяць шторазу на каленях

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў канцы мінулага года былі дасягнуты «прарыўныя дамоўленасці» аб адкрыцці для Беларусі ільготных крэдытных лініяў ўрада і банкаў Кітая на агульную суму каля 15 млрд. даляраў для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па заяўках беларускага боку, паведамляе АФН.

«Гэтая сума амаль у два разы большая, чым сумы ўсіх замежных інвестыцый, укладзеных у эканоміку Беларусі ў 2009 годзе, і ў 4,5 разы больш за тое, што мы атрымалі ад МВФ. Калі працягваць гэты шэраг, то сума ў 15 млрд. даляраў, якую Кітай нам прапануе, у дзесяць разоў большая за крэдыт, прадстаўленага нам нашай брацкай Расіяй», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Гэтыя мільярды павінны быць накіраваны выключна на мадэрнізацыю нашай эканомікі, павышэнне яе канкурэнтаздольнасці, стварэнне такіх вытворчасцяў, якія дазвалялі б нам працаваць выключна па сусветнай цане на сыравіну і энергарэсурсы, і не стаяць на каленях шторазу, выпрошваючы нейкія прэферэнцыі, у тым ліку і ад Расіі», — сказаў прэзідэнт Беларусі.

Как вам новость?
Головоломки