Лукашэнка: Беларусь і Польшчу звязвае трывалы падмурак

06.07.2010 10:23
Архив Редакция

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гістарычныя, культурныя, эканамічныя і сацыяльныя сувязі, якія існуюць паміж народамі Польшчы і Беларусі, з'яўляюцца трывалым фундаментам для далейшага істотнага пашырэння плённага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ва ўсіх сферах. Такое меркаванне кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў у віншаванні Браніславу Камароўскаму з абраннем на пасаду прэзідэнта Польшчы.

«Перакананы, што сумеснымі намаганнямі мы зможам адкрыць новую старонку ў развіцці беларуска-польскіх адносінаў на прынцыпах добрасуседства, сяброўства, партнёрства і ўзаемнай павагі», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА.

Мілінкевіч: Польшча не зменіць палітыку ў дачыненні да Беларусі

Абранне прэзідэнтам Польшчы Браніслава Камароўскага не прывядзе да змены палітыкі суседняй краіны ў дачыненні да Беларусі. Такое меркаванне выказаў лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, перадае БелаПАН.

Палітык таксама распавёў, што Браніславу Камароўскаму цікавая наша краіна, паколькі яго род паходзіць адсюль, а таксама ён бы хацеў, каб Беларусь стала дэмакратычнай, узяла шлях на еўраінтэграцыю. «Думаю, ён будзе актыўным гульцом у гэтай новай палітыцы ЕС у дачыненні да Беларусі», — сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Як раней паведамляў Тэлеграф, прэзідэнцкія выбары ў Польшчы выйграў спікер Сейму, выканаўца абавязкаў кіраўніка дзяржавы Браніслаў Камароўскі. Такія афіцыйныя вынікі апублікавала Дзяржаўная выбарчая камісія рэспублікі.

Паводле інфармацыі выбаркаму на аснове апрацоўкі 100% бюлетэняў, за Камароўскага прагаласавала 53,01% выбаршчыкаў. Яго супернік, лідар партыі «Закон і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі атрымаў 46,99% галасоў. Яўка на гэтых выбарах склала 55,31%.

Как вам новость?
Головоломки