Лукашэнка: Беларусь і Украіна жыццёва зацікаўленыя адно ў адным

30.04.2010 10:30
Архив Редакция

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам 29 красавіка ў Мінску заявіў, што ёсць шэраг ключавых сфераў, нацыянальныя інтарэсы ў якіх у Беларусі і Украіны супадаюць. "Мы дэталёва абмеркавалі ўвесь спектр пытанняў, якія па сваім змесце з'яўляюцца важнымі для двух сапраўды стратэгічных партнёраў, жыццёва зацікаўленых адно ў адным", — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з прыходам да ўлады Віктара Януковіча беларускі бок звязвае паваротны этап двухбаковых адносінаў. «Менавіта таму мы надаём асаблівае значэнне візіту такой прадстаўнічай дэлегацыі і разглядаем яго як рэальную магчымасць вывесці Беларусь і Украіну на якасна іншы ўзровень узаемадзеяння», — цытуе БелТА словы кіраўніка дзяржавы.

Па словах прэзідэнта, павестка дня складалася з пытанні ўмацавання гандлёва-эканамічнага патэнцыялу, забеспячэння энергетычнай бяспекі дзвюх краін і ўсяго рэгіёну, супрацоўніцтва ў вобласці культуры і экалогіі і многае іншае».
 
«Выпрацоўка агульных падыходаў да стратэгічных пытанняў здольная ўмацаваць пазіцыі нашых краін як на Усходзе, так і на Захадзе. Сёння мы падыходзім да прынцыпова новых дамоўленасцяў, якія будуць вызначаць наша супрацоўніцтва на бліжэйшы перыяд», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар з задавальненнем адзначыў, што сусветны крызіс «насуперак усім яго негатыўным наступствам даў Беларусі і Украіне магчымасць выявіць сябе ў плане эфектыўнага сумеснага пошуку шляхоў рашэння найбольш складаных задач». «Думаю, што з гэтым выклікам сучаснасці мы справіліся, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Нягледзячы на прыкметны спад у двухбаковым гандлі ў 2009 годзе, вынікі гандлю напачатку 2010 года ўсяляюць аптымізм».

Прэзідэнт Беларусі таксама лічыць, што дзвюм краінам ад колькасці праектаў неабходна пераходзіць да якасці — да сумеснага планавання развіцця найбольш перспектыўных сектараў, выхаду на рынкі трэціх краінаў. «Праца ва ўсіх напрамках павінна быць узмоцнена, зарыентавана на дасягненне максімальнага эфекту ў інтарэсах двух бакоў», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да свайго ўкраінскага калегі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што «Украіна ў асобе Беларусі заўсёды знойдзе надзейнага партнёра, гатовага падставіць плячо». «Так было заўсёды. Тут жывуць адданыя і надзейныя людзі, з якімі вы можаце вырашыць любыя праблемы», — дадаў прэзідэнт Беларусі.

Лукашэнка: Беларусь і Украіна пашыраць магчымасці пастаўкі электраэнергіі ў краіны Балтыі

Беларускі лідар адзначыў, што «гэта з’яўляецца адным з пытанняў, прапісаных у «дарожнай карце» дзвюх краін». «У яе таксама ўключана пытанне транспартавання венесуэльскай нафты праз тэрыторыю Украіны ў Беларусь. Украіна акажа сур’ёзную падтрымку па яе транспартаванні на Мазырскі НПЗ», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што атрыманыя з гэтай нафты высакаякасныя нафтапрадукты будуць пастаўляцца як на беларускі, так і на ўкраінскі рынак, а таксама ў іншыя краіны. Па словах прэзідэнта, дзве дзяржавы будуць працаваць над пашырэннем гэтага праекта, ажно да пракладкі новых перамычак, каб пампаваць нафту па трубах. «Дзесяць мільёнаў тон нафты — гэта ўжо сур’ёзны праект, які мы гатовыя ажыццявіць сумесна з Украінай», — сказаў беларускі лідар.

У сваю чаргу, Віктар Януковіч выказаў надзею, што Беларусь «будзе надзейным партнёрам Украіны ў пашырэнні транзіту ў краіны Балтыі». «Украіна ж будзе ствараць усе ўмовы для выхаду Беларусі да Чорнага мора», — заявіў прэзідэнт Украіны.

Украінскі лідар упэўнены, што абедзве краіны здолеюць знайсці тыя рашэнні, якія будуць дапаўняць эканомікі дзвюх краін. «Мы бачым гэтыя рашэнні ў прарыўных тэхналогіях навукі, тэхнікі, у вобласці касмічнай прасторы, у паглыбленні перапрацоўкі сыравінных рэсурсаў», — сказаў Віктар Януковіч.

«Паслядоўнасць і прыярытэтнасць гэтых кірункаў пазначана ў сумесным плане дзеянняў, так званай дарожнай карце дзвюх краін — над гэтым вядзецца праца, і хуткім часам план будзе зацверджаны», — дадаў прэзідэнт Украіны.

Лукашэнка: у Беларусі і Украіны з’яўляюцца магчымасці, каб змяніць геапалітычную сітуацыю

Акрамя таго, падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на тое, што Беларусь і Украіна «набываюць у вачах Еўрасаюза і Расіі значэнне, якое дазваляе краінам гуляць больш самастойную ролю ў еўрапейскай геапалітыцы».

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што сутнасць такой ролі павінна вызначацца «не супрацьстаяннем, а імкненнем зрабіць Беларусь і Украіну прынцыпова важнымі гульцамі ў рэгіёне». «Для гэтага Беларусі і Украіне неабходна замацавацца на пазіцыі сапраўды самастойных партнёраў, якія каардынуюць сваю дзейнасць», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

«Нашы краіны знаходзяцца на скрыжаваннях дарог паміж так званымі геапалітычнымі цэнтрамі сілы. Перакананы, што цяпер у нас з’яўляюцца магчымасці, каб змяніць геапалітычную сітуацыю і прымусіць геаграфію працаваць на карысць нашым народам», — адзначыў беларускі лідар.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, без нарошчвання двухбаковага эканамічнага патэнцыялу і канчатковага вырашэння наяўных «нешматлікіх рознагалоссяў» гэтыя мэты наўрад ці будуць дасягнуты. Прэзідэнт таксама выказаў надзею, што перыяд нявызначанасці і таптання на месцы, размежавання паміж дзвюх краінаў пераадолены.

Как вам новость?
Головоломки