Лукашэнка: Беларусь хочуць зрабіць рабыняй

08.12.2010 13:12
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 7 снежня на IV Усебеларускім народным сходзе, заявіў, што многія хочуць «расхістаць» перадвыбарную сітуацыю ў Беларусі, «каб зрабіць яе рабыняй». «Ніхто, акрамя беларускага народа, не можа вырашаць, як яму жыць, як развівацца, якім законам быць на нашай зямлі. І хто будзе прэзідэнтам — вы будзеце вырашаць», — звярнуўся да ўдзельнікаў форуму прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу дэлегатаў на тое, што кандыдаты ў прэзідэнты, падчас правядзення тэледэбатаў, а таксама ў сваіх выступах вядуць сябе вельмі агрэсіўна. «Яны хочуць паказаць сваім спонсарам — глядзіце, якія мы і што мы сапраўды адпрацоўваем грошы. Я вас нядаўна папярэджваў, што грошы дадуць толькі на экстрэмістаў», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Каб не дапусціць «знішчэння Беларусі», Аляксандр Лукашэнка заклікаў выбаршчыкаў прыйсці на выбары і прагаласаваць «так, як лічыце патрэбным». «Пераканаўча вас прашу — не расслабляйцеся, бо не складана кожнаму з нас прыйсці на выбары, ці то 19 ці 18 снежня, датэрмінова. Кажуць, што не трэба датэрмінова, а мы вас і не падштурхоўваем да гэтага, галоўнае, каб вы прыйшлі на выбары і сказалі сваё слова», — падкрэсліў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што яго галоўнай функцыяй як прэзідэнта з’яўляецца абарона Беларусі. «Але без вас я абсалютна нямоглы. Не было б вашай падтрымкі, не было б мяне. Я гэта памятаю, я гэта ведаю, таму галоўнае ў маёй палітыцы — гэта вы», — звярнуўся беларускі лідар да народа.

Лукашэнка заклікаў беларусаў быць пільнымі

«Самае страшнае, што мы супакоеныя, самасуспакоеныя — усё добра, усё і далей будзе добра. Будзьце пільныя, усё не так проста, палітычная барацьба — гэта самая цяжкая, часам брудная і няўдзячная, непрадказальная праца. Таму глядзіце, каб праз растапыраныя пальцы не выцекла ўсё тое, што мы з вамі зрабілі за апошнія гады», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Падводзячы вынікі ўсенароднага форуму, Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што падчас IV Усебеларускага народнага сходу адбылася адкрытая дзелавая размова аб важнейшых пытаннях жыцця дзяржавы і грамадства. Удзельнікі ўсенароднага сходу зацвердзілі асноўныя напрамкі, прыярытэтныя задачы і аптымальныя шляхі іх рашэння на будучую пяцігодку, а таксама прынялі неабходныя праграмныя дакументы.

«Асаблівасць задачаў на пяцігодку ў тым, што асноўныя шляхі іх рашэння ўжо апрабаваны. Тут няма ніякіх завоблачных летуценняў, усё рэальна, ці то развіццё вёсак або будаўніцтва новых комплексаў у гарадах і сёлах», — адзначыў прэзідэнт.

Як паведамілі ў Адміністрацыі прэзідэнта, за час працы IV Усебеларускага народнага сходу па гарачай лініі ў прыёмную паступіла вялікая колькасць пытанняў ад грамадзянаў. Адказы на многія з іх ужо дадзеныя, астатнія абагульняць і таксама прымуць па іх рашэнні, запэўніў кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што не ўсе пытанні будуць вырашаны за адзін раз. «На працягу бліжэйшых пяці гадоў мы павінны вырашыць тыя праблемы, за якія адказвае дзяржава. А тыя, якія могуць вырашыць людзі, павінны вырашыць яны самі, і гэта будзе шчыра», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: Беларусь не вычарпала ліміт эвалюцыйных рэформаў

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што беларуская мадэль развіцця дзяржавы «прадугледжвае не застылы стан, а пастаяннае ўдасканаленне». «Таму мы прымаем праграмы мадэрнізацыі і лібералізацыі, праводзім іншыя канструктыўныя змены ў эканоміцы, іншых сферах жыцця. Гэта і ўкладваецца ў паняцце эвалюцыя, але не рэвалюцыя. Як я ўжо казаў, іх ліміт Беларусь цалкам вычарпала», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што бяздумная ломка палітычнай сістэмы непрымальная, і нельга адмаўляць усё, што за доўгія гады ствараў беларускі народ. «Я не кажу, што ў нас ідэальная палітычная сістэма, што на стагоддзі трэба захаваць гэтую сістэму. Але пакуль яна дае вынік, яе трэба захоўваць і падтрымліваць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. У якасці прыкладу ён прывёў Кітай, дзе, па словах беларускага прэзідэнта, «палітычная сістэма не перашкодзіла, а хутчэй дапамагла праводзіць маштабнае рэфармаванне эканомікі і вывесці краіну ў лідары».

Как вам новость?