Лукашэнка: Беларусь зганьбілася на чэмпіянаце свету па хакеі

05.05.2011 15:05
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 траўня раскрытыкаваў выступленне беларускіх хакеістаў на чэмпіянаце свету. "Ганьбіцца такім чынам недапушчальна. І гэта не толькі хакей. Але гэтаму віду спорту мы ўжо надалі ўвагі столькі, што больш і не прыдумаеш", — заявіў ён падчас нарадзе па пытанні дзяржпадтрымкі фізічнай культуры.

«А ўсё атрымліваецца наадварот: чым больш увагі, тым больш ганебныя і паганыя выступленні спартоўцаў», — цытуе беларускага кіраўніка БелТА.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў прысутных на мерапрыемстве «зрабіць адпаведныя высновы».

Лукашэнка: спорт трэба зняць з бюджэтнай іголкі

«Думаю, прыйшла пара і нам мяняць сістэму дзяржаўнай падтрымкі спорту. Прычым у такім кірунку, каб яна стымулявала ініцыятыву, прадпрымальнасць, а не ўтрыманства. Жыраваць за казённы рахунак недапушчальна. Укладаныя сродкі павінны даваць адэкватную аддачу», — заявіў кіраўнік краіны.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, эфектыўнасць сістэмы дзяржпадтрымкі фізкультуры і спорту ўжо даўна была пад пытаннем.

«З году ў год мы, нягледзячы ні на якія цяжкасці, накіроўваем велізарныя сродкі на развіццё спорту. Ды і фон сёння прыдатны, каб пагаварыць на гэтую тэму. Актыўна будуем сучасныя аб’екты, фінансуем з бюджэту дзейнасць спартовых клубаў, напружваем нашы прадпрыемствы рэальнага сектару, каб усяляк дапамагалі клубам і камандам», — сказаў ён.

Прэзідэнт дадаў, што ў Беларусі «сёння кожны рубель на ўліку», аднак на мэты развіцця спорту сродкі бяруцца з гаспадарчага абароту. Гэта, на яго думку, «не найлепшым чынам адбіваецца на агульных тэмпах развіцця». «Аднак мы ідзем на гэта, таму што разумеем важнасць фізічнай культуры і спорту», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

З дапамогай дасягненняў спартоўцаў краіны ён хоча дабіцца ўмацавання духу народа, выхаваць беларусаў патрыётамі. Паводле слоў прэзідэнта, спартовыя перамогі прыводзяць да гонару насельніцтва за сваю краіну, у той час як паразы яго гнятуць. «Таму, падтрымліваючы спорт, мы мае права спытаць за вынікі. І, вядома, за рацыянальнасць выкарыстання бюджэтных сродкаў і дапамогу ад прадпрыемстваў. Марнатраўства і бескантрольнага транжырства тут нельга дапускаць. Час усім нам прад’явіць жорсткае патрабаванне: жыць трэба па сродках», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: «базару» больш не будзе

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што раней падтрымліваў розныя віды спорту, уключаючы гульнявыя. «І ў гэтым годзе мне накіравалі ў чарговы раз праект дакументаў аб яе падаўжэнні і нават нарошчванні аб’ёмаў. Я гэтыя дакументы не падпісаў, таму што такога «базару» далей не будзе», — адзначыў ён.

«Мне паступае інфармацыя, што дзяржпадтрымка часам кладзецца ў кішэні асобных кіраўнікоў клубаў у выглядзе неабгрунтавана велізарных заробкаў і прэмій, а не працуе на спартовыя вынікі. Мантачаць бюджэтныя сродкі і за кошт раздзімання бюракратычнага апарата ў арганізацыях», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: вучыцеся ў замежных клубаў, як зарабляць

Напрыклад, год таму Аляксандр Лукашэнка папярэджваў, што неэфектыўнае выкарыстанне сродкаў недапушчальна і патрабаваў навесці парадак, аднак, паводле яго слоў, «урокі з гэтай размовы вынесеныя не былі».

«Разглядаючы прадстаўленыя мне на подпіс праекты дакументаў, лёгка пераканацца, што ўсё зводзіцца да аднаго прынцыпу: давай грошы. Маўляў, у замежных клубах мільёны даляраў на рахунках і велізарныя даходы ў спартоўцаў і функцыянераў, а чым мы горш? Я не хачу ўдавацца ў палеміку, але адзначу: замежныя клубы не сядзяць на дзяржбюджэце, а здабываюць сродкі выніковай дзейнасцю. Калі няма выніку, то яны банкрутуюць і прагараюць, як любое камерцыйнае прадпрыемства. І вучыцца ў іх трэба не таму, як праядаць, а як здабываць фінансы», — падагульніў ён.

Как вам новость?
Головоломки