Лукашэнка: Беларусі давядзецца змагацца за сваё існаванне

29.06.2010 10:25
Архив Редакция

28 чэрвеня на нарадзе па пытаннях дыверсіфікавання знешнеэканамічнай дзейнасці Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў сувязі з пазіцыяй займанай Расіяй і ЕС у дачыненні да Мінску "цалкам відавочна, што народу Беларусі давядзецца даказваць сваім інтэлектам, розумам, а не дай Бог і сілай неабходнасць і магчымасць жыць на гэтай зямлі як паўнапраўнай нацыі".

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад урада рашуча актывізаваць працу па дыверсіфікаванні знешнеэканамічнай дзейнасці, перш за ўсё гэта тычыцца паставак энергарэсурсаў у Беларусь, перадае прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што некалькі гадоў таму Беларусь у пошуках альтэрнатывы расійскім энерганосьбітам выйшла на рынкі Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Ірана — «туды, дзе вуглевадароднай сыравіны дастаткова».

«Мы пачалі здабываць нафту ў Венесуэле і ў Іране. Больш за тое, мы прыйшлі да таго, што сёння ўжо пастаўляем нафту з Венесуэлы і даволі паспяхова перапрацоўваем яе на нашых прадпрыемствах. Сёння стаіць пытанне аб надзейных пастаўках нафты ў Беларусь з сусветных рынкаў і па розных маршрутах. Мы ні ў якім выпадку не павінны паўтарыць памылку, якая мела месца ў адносінах з Расіяй. Пастаўка з іншых рынкаў нафты па адным маршруце так жа сама небяспечная, як цяпер залежнасць ад адной дзяржавы па пастаўках вуглевадароднай сыравіны», — заявіў кіраўнік дзяржавы і дадаў, што Беларусь павінна «ляцець, як кажуць у Беларусі, «на двух крылах».

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Літвы бакі пацвердзілі, што «Газпром» прадае газ нашмат даражэй за цану, якая складаецца ў Еўропе. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым заявіў: «Мы можам спрачацца, дамаўляцца ці не дамаўляцца, але мы заўсёды павінны мець альтэрнатыву».

Прэзідэнт запатрабаваў дакладна далажыць аб тым, якія ёсць зрухі і перспектывы ў развіцці паставак энергарэсурсаў з Венесуэлы, Ірана і іншых краінаў, аб далейшых магчымасцях здабычы Беларуссю нафты за мяжой, аб розных варыянтах паставак газу ў Беларусь.

Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы надаў праекту паставак вадкага газу ў нашу краіну, а таксама будаўніцтва новых газасховішчаў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння рэальна знайсці на сусветных рынках пастаўшчыкоў газу, якія прадаюць яго значна танней, чым расійскі «Газпром».

Урад: пытанне паспяховага стварэння АЭП ў рамках Мытнага саюза выклікае сумневы

Удзельнікі нарады закранулі таксама пытанні супрацоўніцтва Беларусі з іншымі краінамі ў эканамічнай сферы. У прыватнасці, было разгледжана стварэнне Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. Удзельнікі паседжання адзначылі, што ў сувязі з наяўнымі праблемамі забеспячэння прынцыпу раўнапраўя партнёраў, перспектывы паспяховага стварэння Адзінай эканамічнай прасторы, якая павінна ўступіць у сілу першага студзеня 2012 года, «выклікаюць пэўныя пытанні».

На нарадзе таксама былі разгледжаны пытанні стварэння з удзелам беларускага боку новых прадпрыемстваў у іншых краінах. Так, было прапанавана ў Венесуэле будаваць не толькі жыллё, але і прамысловыя аб’екты. Былі агучаныя перспектывы эканамічных праектаў Беларусі ў Кубе, Балівіі, Эквадоры.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што праблемы эканамічнага ўзаемадзеяння, якія ўзнікаюць як з Расіяй, так і з іншымі краінамі, варта вырашаць у комплекснай увязцы з пытаннямі палітыкі, бяспекі і ваеннага супрацоўніцтва.

У канцы нарады прэзідэнт падкрэсліў, што не задаволены тэмпамі працы ўрада па дыверсіфікацыі гандлёва-эканамічных адносінаў. Па яго словах, гэтыя тэмпы можна падвоіць.

Как вам новость?
Головоломки