Лукашэнка: Беларусі не патрэбныя эксперыменты

29.11.2010 09:41
Архив Редакция

Дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, які ў чарговы раз балатуецца ў прэзідэнты, у сваёй перадвыбарнай праграме паабяцаў беларусам ўмацаваць нацыю і зрабіць яе больш багатай. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ў беларусаў дастаткова досведу, каб «завяршыць распачатую працу». «Краіне не патрэбныя эксперыменты. Нам нельга спыняцца, не завяршыўшы працу. Трэба ісці далей», — заявіў прэзідэнт.

«Я іду на гэтыя выбары з цвёрдай верай у паспяховую будучыню роднай Айчыны. Нам многае ўдалося стварыць за апошнія гады. Мы пераадолелі нямала праблемаў і назапасілі неацэнны досвед. Цяпер той час, калі трэба імкліва рухацца наперад і дасягнуць большага. Перакананы: гэта нам пад сілу», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка ў сваёй перадвыбарнай праграме, апублікаванай 26 лістапада ў газеце «Рэспубліка».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў шэраг дасягненняў, якія ўдалося зрабіць краіне з тых часоў, як яна здабыла незалежнасць. Сярод іншага Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзейнай уладзе ўдалося абараніць краіну ад разрабавання, паспяхова пераадолець наступствы сусветнага эканамічнага крызісу, разняволіць дзелавую ініцыятыву, забяспечыць поўную занятасць насельніцтва, а таксама харчовую бяспеку краіны.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за апошнія пяць гадоў у Беларусі актывізавалася будаўніцтва жылля, палепшаны ўзровень медыцынскага абслугоўвання і адукацыі. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што беларусы ў цэлым «пачалі жыць лепш».

Лукашэнка: беларусы пачалі жыць лепш

«Доля малазабяспечаных грамадзянаў у параўнанні з 1995 годам паменшылася ў сем разоў. Кожны, хто хоча працаваць, — мае працу. А тым, хто жыве ў нястачы дапамагае дзяржава. Сацыяльная справядлівасць існуе не на словах, а на справе. У Беларусі няма ні жабракоў, ні алігархаў. Словам, мы не толькі збераглі наказы нам продкамі зямлю, але і стварылі магутны зачын для выхаду на якасна новую прыступку развіцця», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«На абраным шляху мы былі рэалістамі: не будавалі «паветраных замкаў», не змянялі сваім прынцыпам! Мы рабілі цяжкую, але патрэбную для дзяржавы працу разам!», — падкрэсліў беларускі лідар.

Адносна планаў на будучыню Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў выпадку, калі народ выбера яго яшчэ на адзін тэрмін, ён будзе працягваць «будаўніцтва незалежнай, самабытнай Беларусі», набліжаючы яе да еўрапейскага ўзроўню жыцця. «Мы не выбіраем паміж Усходам і Захадам і не маем намеру быць чыімсьці прыдаткам. У Беларусі сваё годнае месца ў Еўропе і свеце», — падкрэсліў дзейны кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: чалавек — галоўная каштоўнасць маёй палітыкі

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўнай каштоўнасцю ў яго палітыцы «заўсёды быў і застаецца чалавек». ««Дзяржава для народа» — гэта не прыдуманы лозунг, а фундаментальны прынцып, ад якога мы ніколі не адступім», — заявіў беларускі лідар.

Галоўнымі мэтамі сваёй палітыкі на пасадзе прэзідэнта Аляксандр Лукашэнка вызначыў ўмацаванне нацыі, у тым ліку забеспячэнне шматдзетных сем’яў бясплатным жыллём, узмацненне сацыяльнай абароны насельніцтва, узмацненне ролі моладзі ў жыцці краіны, забеспячэнне сусветнага ўзроўню медыцынскага абслугоўвання, а таксама павелічэнне аб’ёмаў будаўніцтва жылля.

Аляксандр Лукашэнка таксама паабяцаў зрабіць беларусаў багацейшымі. «Чым багацейшы чалавек — тым багацейшая краіна. За кошт росту эканомікі будуць забяспечаны пастаянны рост заработнай платы, пенсій, стыпендый, іх поўная і своечасовая выплата. Атрымае развіццё прыватная ўласнасць. Праз дабрабыт кожнага мы прыйдзем да дабрабыту ўсіх», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка паабяцаў стварыць новае аблічча эканомікі Беларусі

У сферы эканомікі кіраўнік дзяржавы паабяцаў ўмацаваць нацыянальную валюту, здзейсніць прарыў у інфарматызацыі усіх сфер дзейнасці, даць поўную свабоду ініцыятыве, знізіць падатковую нагрузку на прадпрымальнікаў і ў цэлым стварыць новае аблічча беларускай эканомікі.

«На працягу бліжэйшых пяці гадоў у краіне будзе рэалізавана не менш за 100 магутных інвестыцыйных праектаў. З’явяцца новыя галіны: касмічная, нана-і біятэхналогіі, альтэрнатыўная энергетыка і іншыя. Гэта новыя вытворчасці, новыя тэхналогіі, новыя працоўныя месцы, запатрабаваныя на рынку працы, рост экспарту. Сельская гаспадарка стане прыбытковым аграбізнэсам. Экспарт харчавання будзе павялічаны больш чым у два разы — да сямі мільярдаў даляраў на год», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама паабяцаў удасканальваць працу ўлады, у тым ліку, гарантаваць адкрытасць дзяржаўных органаў для людзей і грамадзянскіх ініцыятыў, узмацніць ролю грамадскіх аб’яднанняў і мясцовага самакіравання ў жыццядзейнасці дзяржавы, сфармаваць суд прысяжных і завяршыць працу па гуманізацыі заканадаўства.

Лукашэнка: судзіць кандыдатаў трэба па справах, а не па словах

У цэлым дзейны прэзідэнт Беларусі паабяцаў «зберагчы лад і згоду ў грамадстве». «Беларусь была і будзе дзяржавай, дзе камфортна і бяспечна жыць усім людзям, незалежна ад нацыянальнасці, поглядаў і рэлігіі. Мы не дапусцім разгулу крыміналу, сацыяльных сварак і канфліктаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У завяршэнне свайго звароту да выбаршчыкаў Аляксандр Лукашэнка заклікаў беларусаў судзіць цяперашніх кандыдатаў у прэзідэнты не па словах, а па іх справах. «Сёння ад пазіцыі кожнага з нас залежыць лёс Айчыны. Ён у нашых руках», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Мы павінны захаваць родную Беларусь духоўна здаровай, эканамічна магутнай, экалагічна чыстай, стабільнай і мірнай. Каб усе маглі сказаць: «Беларусь — краіна, у якой хочацца жыць», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?