Лукашэнка: Беларусі помсцяць за спробу стварыць незалежную дзяржаву

10.05.2011 08:40
Архив Редакция

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сёння Беларусі пагражаюць звонку — "беларускае грамадства спрабуюць раскалоць, пасеяць у ім страх і недавер адно да аднаго". "Гэта помста за тое, што мы будуем сваю сапраўды незалежную дзяржаву. За тое, што беларускі народ хоча быць гаспадаром у сваёй хаце і сам вызначаць свой лёс", — упэўнены палітык.

Акрамя таго, «вядзецца жорсткая інфармацыйная і палітычная вайна», адзначыў прэзідэнт. «Але мы павінны выразна разумець: вялікая частка ўсіх праблем навязана нам штучна», — дадаў ён. Пра гэта кіраўнік краіны сказаў 9 мая ў ходзе ўскладання вянкоў да манумента Перамогі.

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што Рэспубліка Беларусь адкрыта і цвёрда выказвае пазіцыю аб недапушчальнасці рашэння праблем шляхам ваенных канфліктаў. «Тыя пакуты, якія вынес беларускі народ за перыяд войнаў дваццатага стагоддзя, даюць нам поўнае права заявіць пра гэта на ўвесь голас», — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік краіны дадаў, што сіла маладой беларускай рэспублікі — у адданасці «традыцыям пакалення пераможцаў, у адзінстве і згуртаванасці народа». «Мы шчыра жадаем свету і імкнемся развіваць дружалюбныя адносіны з усімі краінамі і народамі. Аднак у любую хвіліну мы гатовыя абараніць сваю незалежнасць, палітычныя і сацыяльныя заваёвы», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць ветэранам вайны за подзвіг, які яны здзейснілі, змагаючыся за мір і свабоду для ўсіх народаў. «Вашы традыцыі мужнасці і служэння Айчыне будуць годна працягнутыя. Мы зробім усё, каб будучыя пакаленні ганарыліся нашымі сённяшнімі дасягненнямі. Гэтак жа, як мы ганарымся вашым вялікім гераізмам. Мы зробім усё, каб быць годнымі вас!» — заявіў прэзідэнт.

Лукашэнка: з’явіліся палітыкі, для якіх вайна — звычайная справа

У сусветным грамадстве з’явілася новае пакаленне палітыкаў, для якіх паняцце вайны становіцца штодзённым, лічыць Аляксандр Лукашэнка. «Сёння мы зноў бачым дыктат і агрэсію шэрагу краін і ваенных блокаў, умяшанне ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, росквіт міжнароднага тэрарызму», — сказаў ён.

Кіраўнік краіны нагадаў, што і ў ХХІ стагоддзі на Зямлі не спыняюцца ваенныя канфлікты.

«Гэтыя падзеі выклікаюць міжвольныя асацыяцыі з перыядам Вялікай Айчыннай вайны, Другой сусветнай вайны. Ізноў, як і тады, разбураюцца нормы і правілы светапарадку, што ўстаяліся і апраўдалі сябе. Ізноў выкарыстоўваецца дзікая, антычалавечая практыка сілавога вырашэння міжнародных праблемаў, крывавае звядзенне рахункаў з непажаданымі. Ізноў перамагае першабытны прынцып — «хто мацнейшы, таго й праўда». Ізноў утоптвалі ў зямлю святое права народаў самім вызначаць свой лёс», — цытуе прэзідэнта БелТА.

На яго думку, прычыны такога становішча хаваюцца ў тым, што на сусветнай арэне дзейнічае новая генерацыя палітыкаў, якія чэрпаюць веды пра вайну толькі з баевікоў, а самі нікога не згубілі з родных і блізкіх.

«Самае страшнае ў тым, што для гэтых палітыкаў вайна становіцца штодзённым паняццем. Мы бачым сёння, як лідары вядомых краін з бяздумнай, жахлівай лёгкасцю прымаюць рашэнні аб бамбёжцы мірных гарадоў, асуджаючы на смерць тысячы жанчын, дзяцей, старых і пры гэтым называючы сябе дэмакратычнымі краінамі. Зноў чалавечае жыццё амаль нічога не каштуе. А лёсы цэлых краін прыносяцца ў ахвяру карыслівым геапалітычным інтарэсам… Бяда, што ў свеце вялікай палітыкі да вайны ставяцца як да займальнай шахматнай партыі, а не як да крывавай трагедыі», — сказаў ён.

Беларускі кіраўнік заўважыў, што гісторыя дае людзям сур’ёзныя ўрокі, каб у перспектыве яны не далі заспець сябе знянацку. «Клопат пра бяспеку краіны — гэта найважнейшая задача як кіраўніцтва дзяржавы, так і ўсіх грамадзян», — падсумаваў ён.

Как вам новость?
Головоломки