Лукашэнка: Беларусі вельмі складана быць заціснутай Расіяй і ЕС

09.07.2010 15:00
Архив Редакция

Беларусі вельмі складана быць заціснутай паміж ЕС і Расіяй, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы добрасуседства Штэфанам Фюле. "Зразумелае ваша супрацоўніцтва з Расіяй. Ваша залежнасць прыкладна тая ж, што і ў нас. Вы, вядома, мацнейшыя і можаце з Расіяй размаўляць спакойна ў належным ключы. А мы заціснутыя з двух бакоў - вамі і Расіяй, нам вельмі складана", - сказаў беларускі прэзідэнт.

«Але яшчэ раз хачу падкрэсліць: мы на калені не станем», — дадаў беларускі лідар, звяртаючыся да Штэфана Фюле.

Кіраўнік дзяржавы настойвае на раўнапраўных адносінах да Беларусі ва «Усходнім партнёрстве», перадае БелТА. «Я хацеў бы, каб да нас ставіліся гэтак жа сама, як і да іншых ва «Усходнім партнёрстве». Самае галоўнае — каб вы нам сказалі: калі Беларусь не задавальняе вас ва «Усходнім партнёрстве», у супрацоўніцтве з ЕС, — вы нам шчыра скажыце, што давайце не будзем дарэмна спадзявацца і пачакаем лепшых часоў. Гэта будзе сумленна і па-мужчынску», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым прэзідэнт Беларусі падкрэсліў: «Калі Еўропа хоча пазіцыянаваць сябе як Еўропа, а не Заходняя Еўропа, як цяпер, то яна не адмовіцца ад супрацоўніцтва з цэнтрам Еўропы і з яе цэнтральна-ўсходняй часткай — Украінай і Беларуссю».

У размове з еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы добрасуседства Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пры гэтым Беларусь будзе рухацца сваім шляхам, праводзячы суверэнную палітыку. Беларускі лідар падчас сустрэчы таксама прапанаваў дамовіцца аб будучых кроках у супрацоўніцтве. «На карту пастаўлена адно з найважнейшых пытанняў — супрацоўніцтва ў Еўропе. І ад вашага візіту многае залежыць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Штэфана Фюле.

У сваю чаргу, еўракамісар па еўрапейскай палітыцы добрасуседства адзначыў, што Еўрасаюз хацеў бы бачыць Беларусь паўнапраўным членам Еўрапейскай супольнасці, якім яна, па словах Штэфана Фюле, павінна стаць.