Лукашэнка: беларусы моцныя сваім сяброўствам і адзінствам

04.06.2010 12:51
Архив Редакция

Гісторыя вучыць, што беларусы моцныя менавіта сваім адзінствам і сяброўствам. Пра гэта заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час віншавання удзельнікаў VIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур з пачаткам фінальных мерапрыемстваў, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

«З даўніх часоў беларуская зямля, як ласкавая мама, прымала да сябе прадстаўнікоў розных нацый, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Яны разам працавалі, будавалі сем’і, а калі трэба — са зброяй у руках змагаліся за незалежнасць краіны. Выдатным прыкладам патрыятызму нашых грамадзян стала Вялікая Айчынная вайна, калі ўсе разам падняліся на абарону Беларусі і ўнеслі важкі ўклад у агульную Перамогу».

«Беларусь — гэта мы, і таму наш святы абавязак — падтрымліваць тыя шматвяковыя сувязі, якія злучаюць жыхароў нашай дзяржавы ў адзіны народ, дапамагаць прадстаўнікам розных нацый зберагаць сваю духоўную асаблівасць дзеля ўзбагачэння агульнай беларускай культуры», — сказаў прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў фестывалю.

«Няхай жа гэты выдатны фестываль паспрыяе ўсім нам у выкананні гэтай высакароднай місіі, стане сапраўдным святам, дасць магчымасць пазнаёміцца з творчым набыткам розных нацыянальных супольнасцяў і адкрыць новыя таленты», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама пажадаў удзельнікам фестывалю «добрага здароўя, шчасця, невычэрпнага натхнення і поспехаў у плённай працы на карысць любімай Беларусі».

Как вам новость?