Лукашэнка: беспадстаўна саджаць дырэктараў прадпрыемстваў нельга

24.05.2010 09:59
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі на нарадзе з актывам Гарадзенскай вобласці 22 траўня паведаміў, што супрацоўнікі праваахоўных органаў павінны карэктна ставіцца да людзей, якія займаюць кіраўнічыя пасады. "Нельга беспадстаўна хапаць і саджаць кіраўнікоў, якія зрабілі нямала добрага для сваіх прадпрыемстваў", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Кіраўнікі прадпрыемстваў павінны мець права на абгрунтаваную эканамічную рызыку, а праваахоўным структурам варта навучыцца адрозніваць звычайныя памылкі і дзеянні, звязаныя з рызыкай у цяперашніх умовах, ад злачынства», — лічыць кіраўнік дзяржавы, перадае прэс-служба прэзідэнта.
Беларускі лідар, у прыватнасці, расказаў пра нядаўнюю гісторыю, якая здарылася з кіраўніком аднаго з паспяховых гарадзенскіх прадпрыемстваў, які ў 2003 годзе прыняў рашэнне пра продаж замежнаму інвестару часткі неэфектыўна выкарыстоўваных памяшканняў прадпрыемства (адной з умоваў укладання буйных інвестыцый інвестар ставіў набыццё ва ўласнасць часткі гэтага прадпрыемства). Праз сем гадоў выявілася, што ён нібыта прадаў гэтыя памяшканні па занізкім кошце, і праваахоўныя органы затрымалі гэтага кіраўніка. 
«Дзеянні праваахоўных органаў у такіх сітуацыях павінны быць апраўданы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта не справа, калі мы пазбаўляем кіраўніка ініцыятывы, ён тады ходзіць і дрыжыць, баіцца прыняць рашэнне. Нам не трэба дзяржава, дзе кожны кіраўнік павінен дрыжаць».
Прэзідэнт выказаў глыбокае абурэнне фактам неабгрунтаванага, на яго погляд, затрымання кіраўніка прадпрыемства. Беларускі лідар таксама заклікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў у тых выпадках, калі яны сумняваюцца ў прыняцці тых ці іншых рашэнняў, звязаных з продажам уласнасці, смялей, актыўней звяртацца да губернатараў, а пры неабходнасці нават выходзіць на кіраўніка дзяржавы.
Лукашэнка: рызыка ў прыняцці эканамічных рашэнняў непазбежная  
Аляксандр Лукашэнка таксама адназначна настойвае на неабходнасці абароны тых кіраўнікоў, якія «на справе даказалі сваю адданасць краіне, дзейнічаюць на карысць народа і дэманструюць эфектыўны мэнэджмент у сучасных эканамічных умовах». «Такія людзі маюць права на памылку, бо рызыка ў прыняцці тых ці іншых эканамічных рашэнняў непазбежная», — адзначыў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што ў гэтай галіне ім хуткім часам будуць прыняты рашэнні, якія павінны паўплываць на практыку, што склалася. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка мае намер у хуткім часе прыняць з дакладам кіраўнікоў адпаведных сілавых ведамстваў з тым, каб надалей падобныя сітуацыі не паўтараліся. 
Лукашэнка: Гарадзенская вобласць павінна быць сапраўдным флагманам у цэнтры Еўропы
«Гарадзенская вобласць павінна быць сапраўдным флагманам у цэнтры Еўропы, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы на нарадзе з актывам. — На палову, можна сказаць, яна ўжо такая і ёсць, а на палову трэба вельмі моцна папрацаваць, каб за паўтара-два гады падцягнуць вобласць да такога ўзроўню. І тады яна будзе квітнеючым краем». 
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што новаму губернатару Гарадзенскай вобласці Сямёну Шапіру пад сілу справіцца з гэтай задачай. На пасадзе старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра 22 траўня быў зацверджаны адзінагалосным рашэннем дэпутатамі абласнога Савета. 
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што разглядаліся дзясяткі кандыдатураў на пасаду губернатара Гарадзеншчыны і з мноства варыянтаў выбар упаў на Сямёна Шапіру, што абумоўлена цэлым шэрагам фактараў. 
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што яму імпануе «валявы, рашучы, патрабавальны стыль працы Сямёна Шапіры, накіраваны на высокі вынік». Прэзідэнт лічыць, што гэта менавіта тыя якасці, якія асабліва неабходны ў складаных сучасных умовах гаспадарання і развіцця краіны. «Такое кадравае ўмацаванне найважнейшага звяна вертыкалі ўлады паслужыць паляпшэнню справаў ва ўсіх сферах жыцця рэгіёну. Гарадзеншчына ад гэтага выйграе», — падкрэсліў беларускі лідар. 
Лукашэнка: Гарадзеншчына можа перажыць любы крызіс
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў сваё асаблівае стаўленне і сімпатыю да гэтага краю. Па словах прэзідэнта, многія гады «тут дэманстравалася высокая культура земляробства, гаспадарлівасць і ініцыятыўнасць». «Аднак у апошні час сур’ёзны клопат  пачаў выклікаць той факт, што адзін з перадавых рэгіёнаў краіны здае свае пазіцыі. Моцная аграрная вобласць фактычна застыла ў сваім развіцці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Вы, сапраўды, сёння ва ўсіх адносінах лепшая вобласць у краіне. Вы дасягнулі пэўнага высокага ўзроўню ў сваім развіцці, выйшлі на яго і тут спыніліся», — сказаў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што ў любой справе неабходны паступальны рух наперад. 
Беларускі лідар упэўнены, што рэч тут не толькі ў аб’ектыўных цяжкасцях і ўплыве крызісу, але і ў суб’ектыўным фактары. «Гарадзеншчына дасягнула такога ўзроўню, што можа перажыць любы крызіс, калі толькі людзі будуць дзейнічаць у адным кірунку, згуртавана, і будуць заняты адной думкай — выратаваць краіну», — сказаў прэзідэнт. 
Лукашэнка: вінаваціць Беларусь у няўвазе да этнічных пытанняў усё адно, што жаліцца на недахоп пяску ў Сахары 
Беларускі лідар таксама асобна закрануў так званае «польскае пытанне». Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што зусім нядаўна ўвага СМІ, у першую чаргу заходніх, было акцэнтавана на нібыта наяўных у Беларусі праблемах польскай меншасці. «Вядома, любому грамадзяніну зразумела: вінаваціць Беларусь у няўвазе да этнічных пытанняў, у наяўнасці канфліктаў на нацыянальнай глебе — усё адно, што жаліцца на недахоп пяску ў Сахары», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 
Аляксандр Лукашэнка пры гэтым адзначыў, што ў Беларусі, з яго пункту гледжання, няма ніякіх нацменшасцяў. «Няма ў нас польскай, рускай, украінскай, габрэйскай і іншых нацменшасцяў, у нас ёсць грамадзяне нашай краіны. І нам абсалютна абыякава хто яны па нацыянальнасці. Нам важна, каб гэта быў прафесіянал і грамадзянін нашай краіны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што 99,9% палякаў, якія жывуць у Беларусі, «іншая зямля не патрэбна». 
Беларускі лідар у якасці адной з гістарычных заслуг Беларусі адзначыў тое, што ў рэспубліцы ўдалося захаваць міжканфесійнае і нацыянальнае адзінства. «Ніякіх меншасцяў у нас няма, у нас адзінае маналітнае грамадства, а тое, што ў кагосьці ў жылах цячэ польская кроў, а не руская ці беларуская, то якая розніца?! Яна што, не таго колеру?! Гэта мая прынцыповая пазіцыя», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?
Головоломки