Лукашэнка будзе працягваць будаваць у краіне спартовыя аб'екты

29.10.2010 17:46
Архив Редакция

Будаўніцтва новых спартовых аб'ектаў у Беларусі будзе працягнута. Пра гэта 29 кастрычніка заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Па словах кіраўніка дзяржавы, новыя спартовыя аб'екты ў Беларусі патрэбныя, перш за ўсё, для здароўя людзей. "Мы будзем будаваць фабрыкі здароўя", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы гэта будзем рабіць (будаваць спартовыя аб’екты — Тэлеграф) яшчэ і таму, каб наша краіна мела твар здаровай нацыі, каб наш народ ганарыўся поспехамі нашых спартсменаў. Без гэтага поспехаў не будзе. Калі мы вырашылі, што нашай дзяржаве быць, што беларуская дзяржава павінна быць суверэннай і незалежнай, яна павінна мець свой твар», — лічыць прэзідэнт Беларусі.

Па словах кіраўніка дзяржавы, яго досыць часта крытыкуюць за будаўніцтва шматлікіх спартыўных аб’ектаў, кажучы пра тое, што грошы, выдзеленыя на іх будаўніцтва, можна было б раздаць людзям, перадае БелТА.

«Сапраўды, гэтыя грошы можна было раздаць народу. Вы б атрымалі кожны на 3-5 даляраў на год больш, але яны не кампенсавалі б вам страты здароўя, якое вы можаце тут набыць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка працытаваў Гарацыя

«Калі не бегаеш, пакуль здаровы, давядзецца бегаць, калі захварэеш, — працытаваў беларускі лідар Гарацыя. — Таму бегайце і плавайце. У Берасці сёння ёсць усё неабходнае для таго, каб тут штодня займаліся тысячы спартоўцаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Палаца водных відаў спорту ў Берасці. Кошт рэалізацыі праекту Палаца разам з дыспансерам склала 120 млрд. рублёў.

Усяго ж, паводле інфармацыі прэзідэнта, у Берасцейскім рэгіёне за апошнія пяць гадоў было ўведзена ў эксплуатацыю шэсць лядовых арэнаў, 16 басейнаў, 12 спартовых залаў, тры спарткомплексы, вяслярны канал і стралковы цір. «Мы будавалі і будзем будаваць гэтыя аб’екты, накіраваныя ў будучыню, — для нашых дзяцей, для нашай моладзі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ганарыцца тым, што за Беларуссю замацоўваецца імя спартовай дзяржавы. Паводле слоў прэзідэнта, здаровы лад жыцця ў Беларусі становіцца неад’емным складнікам дабрабыту кожнай сям’і і нацыі ў цэлым.
 
Таксама Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне ёсць шмат спартоўцаў, якімі можна ганарыцца. Беларускі лідар выказаў надзею на тое, што і на будучых летніх Алімпійскіх гульнях у Лондане прадстаўнікі Беларусі ўзыдуць на п’едэстал гонару.

Как вам новость?